• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Самы працяглы маршрут — 140 кіламетраў за дзень. Экс-палітвязень Андрэй Кузнечык зацяты веласіпедыст — ён расказаў пра сваё хобі

    Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык захапіўся роварам яшчэ ў дзяцінстве. З узростам веласіпед стаў для яго не проста сродкам перамяшчэння, а філасофіяй: зручна, экалагічна, модна і, галоўнае, — адчуванне свабоды. У лістападзе 2021-га Андрэя Кузнечыка проста падчас велапрагулкі затрымалі сілавікі, пасля чаго ён правёў больш за тры гады за кратамі.

    Кузнечык расказаў «Нашай Ніве», як падсеў на веласіпед, якімі былі першыя паездкі пасля турмы і куды запланаваў наступную вандроўку.

    Андрэй Кузнечык. Фота тут і далей: асабісты архіў

    «У Мінску амаль штодзень ездзіў на працу на ровары»

    Свой першы ровар Андрэй набыў у 2000‑я. Тады яшчэ можна было знайсці якасны чэшскі веласіпед усяго за $50. Цяпер, заўважае Андрэй, цэны ўзляцелі да тысячы еўра — з‑за маркетынгавых хадоў.

    У Мінску Андрэй амаль штодзень ездзіў на працу на ровары (меў тады мадэль Giant CRS 2.0). Нечакана адкрыў горад нанова: Мінск «змяншаўся», станавіўся зразумелым, жывым. Але разам з гэтым прыйшло і ўсведамленне, што горад (яшчэ ў 2000‑я) быў катастрафічна не прыстасаваны для раварыстаў.

    «У Польшчы я ўпершыню ўбачыў палосы для ровараў па ходніках, па бруку, па прыступках. Я браў ровар на тры тыдні і быў уражаны. Хацелася, каб хаця б нешта падобнае з’явілася ў нас. Хоць цяпер палосы справядліва прызнаныя тупіковым кірункам імітацыі роварнай інфраструктуры, які выклікае толькі раздражненне і канфлікты паміж пешаходамі і раварыстамі. Дзе-нідзе ў Вільні можна знайсці іх сляды.

    У Беларусі ж гэта ўсё яшчэ модны спосаб. Ніякавата было бачыць, як у 2020‑я ўзяліся разліноўваць ходнікі ў маім родным Віцебску — рабіць тыя ж захады, памылковасць якіх у суседняй Польшчы ўсвядомілі 20 гадоў перад гэтым», — расказвае Андрэй.

    У сталіцы на той момант пералічыць веладарожкі можна было па пальцах — зарослыя, разбітыя, у дварах і каля гаражоў. Андрэй вырашыў: трэба ўсё гэта зафіксаваць, зрабіць бачнымі праблемы. Так узнік ягоны сайт «БелаВела» — фактычна, першая беларуская ініцыятыва па сістэматызацыі велаінфраструктуры. Ён сам фатаграфаваў, складаў мапы, збіраў інфармацыю пра веластаянкі і маршруты.

    «Паездка ў 70 кіламетраў пасля зняволення далася лёгка»

    Самы працяглы маршрут Андрэя — 140 кіламетраў за дзень. Ён паехаў электрычкай у Маладзечна, а адтуль — крукам праз Беразінскае, Хоўхлава і назад у Мінск.

    Агулам за 12 гадоў Андрэй праехаў па Беларусі на ровары амаль 28 тысяч кіламетраў. 

    «Трэба, канечне, рабіць перапынкі, прайсціся крыху кожныя 30 кіламетраў, але я, напрыклад, ленаваўся злазіць, — расказвае ён. — Ніколі не ставіў перад сабой спартыўных мэт. Мне нецікава выпрабоўваць сябе на вынослівасць або ставіць рэкорды. Для мяне ровар — утылітарны сродак, які павінен прыносіць задавальненне. Я менавіта так яго і ўспрымаю».

    Як пры паездках на вялікія дыстанцыі не нацерці сабе сцёгны сядлом?

    «Трэба добрае сядло, прычым не мяккае, як гэта ні парадаксальна. Радыкальна дарагі варыянт — Brooks. Ну і адмысловыя споднія шорты не лішнія», — раіць мужчына. 

    Пасля зняволення (умовай вызвалення журналіста ў лютым 2025-га стаў ад’езд у Літву) максімум, колькі Андрэй дазволіў сабе праехаць, — 70 кіламетраў па Вільні і ваколіцах.

    «Часам мясціны побач з домам робяцца занадта знаёмымі, нават нецікавымі, і тады ўжо хочацца выбрацца кудысьці далей. Калі з’яўляецца вольны час, пачынаеш шукаць, куды б яшчэ з’ездзіць.

    Зараз у мяне малыя дзеці, і не вельмі справядліва пакідаць жонку з імі адну, каб самому знікнуць на роварную вылазку. Таму вялікіх падарожжаў не планую. Але вось нядаўна мы былі ў Коўне, у заапарку з дзецьмі, і пакуль ехалі праз горад, я звярнуў увагу, што горад вельмі няроўны, фігурны, з пагоркамі і мастамі. І падумаў, што тут цікава было б пакатацца», — расказвае ён.

    Паездка ў 70 кіламетраў пасля доўгага перапынку далася Андрэю лёгка. Магчыма, дапамог новы, лепшы ровар, а можа, арганізм стаў больш вынослівым. Ён нават здзівіўся, што амаль не стаміўся: падарожжа заняло тры з нечым гадзіны, і ўвесь шлях прайшоў гладка — «ровар ляцеў», і дарога сама «кідалася пад колы».

    «Важу з сабой аварыйны набор»

    Тыповая праблема ў велападарожжах, калі не лічыць паломак, — калі навігатар заводзіць у глухія мясціны, дзе дарога нечакана знікае. Андрэй карыстаецца Open­StreetMap, бо яны паказваюць сцежкі, якія карыстальнікі дадаюць самі, і гэта зручна, калі стараешся пазбягаць аўтадарог. Але бывае, што шлях ідзе праз поле, дзе пасля праезду трактара дарога пераўтвараецца ў ворыва — і праехаць на ровары ўжо немагчыма.

    Часам у паездках сустракаюцца дзікі. У лесе можна спыніцца нос у нос з жывёлай, паглядзець адно на аднаго — і ціха разысціся.

    З дарогамі звязаны і сумныя ўспаміны. У роднай вёсцы Андрэя ў Сенненскім раёне калісьці было некалькі дарог. Цяпер засталася толькі адна — тая, што вядзе да райцэнтра. Астатнія зараслі. Такія знікненні дарог журналіст назіраў у многіх вёсках: калі населены пункт — крайні ў раёне, сувязі з суседзямі знікаюць, людзі перастаюць ездзіць і сустракацца.

    «Уражанне, што ты касманаўт, які вярнуўся з далёкага палёту». Як праходзіць рэсацыялізацыя былога палітвязня Андрэя Кузнечыка

    У Беларусі Андрэй браў з сабой у паездкі шмат вады, але ў Літве такая патрэба адпала: тут амаль паўсюль ёсць пітныя фантанчыкі — у парках, на дзіцячых пляцоўках, — таму ваду можна набраць па дарозе.

    Акрамя таго, у Вільні добра развітая інфраструктура для веласіпедыстаў: шмат месцаў, дзе можна рамантаваць ровар або напампаваць колы. Тут многія катаюцца без лішніх рэчаў.

    Андрэй жа па старой звычцы возіць з сабой амаль «аварыйны набор». Нягледзячы на тое, што на ягоным ровары стаяць антыпракольныя пакрышкі, ён усё роўна бярэ з сабой маленькую помпу, запасную камеру, лапаткі для здыму пакрышкі, святлоадбівальную камізэльку, фары, паўэрбанк, ваду і — абавязкова — пластыры.

    Андрэй пакуль не цалкам адаптаваўся да літоўскай велакультуры— не столькі да правілаў, колькі да стылю паводзін на дарогах. Напрыклад, за межамі горада тут нярэдка няма ўзбочын, таму стратэгія, якая працавала ў Беларусі (з’ехаць, калі ззаду машына), ужо не працуе.

    Па прыездзе ў Літву Андрэй набыў сабе новы ровар — Marin Fair­fax 2 (на зніжцы ён каштуе 599 еўра — трохі больш за 2000 рублёў). Доўга разбіраўся, параўноўваў, кансультаваўся. 

    «Гэта адзін з самых танных ровараў, але вельмі якасны. Ён не ў трэндзе, без рагатага руля, які цяпер чамусьці даражэйшы ўдвая за ровар. Але гэта быў разумны, узважаны выбар», — кажа ён.

    На гэтым веласіпедзе Андрэй праехаў ужо больш за 725 кіламетраў. 

    У новай краіне, дзе многае здаецца чужым і дзе ён часта адчувае сябе як «вясковец, што трапіў на гарадское свята», ровар стаў магчымасцю аднавіць адчуванне ўпэўненасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці