Андрэй Ліпскі: пра поспех і знішчэнне «Ранка» і свае «прыгоды» ў эміграцыі
Супрацоўнік светлагорскага «Ранка» Андрэй Ліпскі стаў «экстрэмістам» на радзіме і мусіў уцякаць за мяжу ад палітычнага пераследу. Аднак у замежжы ён сутыкнуўся з праблемамі, якія працягваюцца дагэтуль. Ён атрымаў міжнародную абарону ў Польшчы і працаўладкаваўся на заводзе. Але 17 лютага прызначаны адміністрацыйны працэс наконт дэпартацыі Андрэя Ліпскага.
Гэты тэкст з’явіўся, дзякуючы дапамозе нашых чытачоў. Падтрымайце БАЖ на Patreon!
Светлагорскія ўлады не білі нас па руках
— З чаго пачанылася вашае знаёмства з «Ранкам»?
— Пра «Ранак» я даведаўся ў 1995 годзе, праз паўтара года пасля яго стварэння. Тады «Ранак» – гэта трохі кабельнага тэлебачання ды чорна-белая газета смешнага фармату А4.
Я жыў пад Светлагорскам у пасёлку Сасновы Бор, працаваў рабочым на заводзе і паралельна завочна вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце на філфаку. Аднойчы знаёмы прывёз мне са Светлагорска газету, у якой сярод iншага я ўбачыў аб’яву: патрабуецца карэспандэнт. І кажа: ты ж філфак заканчваеш – паспрабуй.
— І вы вырашылі рызыкнуць?
— Чаму б і не? Кастрычнік 1995 года, я паехаў у Светлагорск, знайшоў рэдакцыю. «Ранак» тады размяшчаўся ў звычайнай кватэры ў жылым доме. І сказаў: я без пяці хвілін спецыяліст па рускай мове і літаратуры, і прыйшоў па аб’яве.
Тады ў «Ранку» працавала нямнога народу ў параўнанні з пікавым перыядам, калі ў рэдакцыі было больш за 40 чалавек. Мне прапанавалі відэакамеру (дзе я тады мог бачыць камеру?), далі фотаапарат (у дзяцінстве ў мяне была просценькая «Смена», нейкае ўяўленне пра фотасправу я меў).
Спачатку паспрабаваў рэпарцёрам: далі мне аператара, з якім я і «пайшоў у народ» на апытанні. Як аказалася, я ўцягнуўся ў справу, таму з 1 снежня 1995 года мяне ўзялі ў штат.
З таго часу я працаваў у «Ранку» на самых разнастайных пасадах. Хутка мяне перавялі на газету «Ранак-плюс», якая па першым часе, з 1995 году, друкавалася ў Светлагорскай узбуйненай друкарні. Для нашага горада газета мела неблагі наклад – да 15 тысяч экземпляраў у пачатку «нулявых». Паралельна працаваў карэспандэнтам на тэлебачанні. Штат быў невялікі, таму даводзілася не тое, што сумяшчаць, але дапаўняць адзін другога…
З‑за пастаяннага росту накладных расходаў, у 2017 годзе выдавец вырашыў закрыць папяровую газету, а творчую частку калектыву перавёў на сайт. Светлагорскае тэлебачанне, якое працавала з 8 сакавіка 1993 года, заставалася ў структуры «Ранка» да самага канца: выпускі навінаў, тэматычныя перадачы, аналітыка – спрабавалі ўсё. Да 2020 года кабельным тэлебачаннем быў апутаны ўвесь горад. Былi таксама FM-станцыя, рэкламная служба, раскручаныя сацсеткі.
Мясцовыя ўлады не білі нас па руках. Мы займаліся самадзейнасцю ў харошым значэнні слова: у «Ранку» з журналісцкай адукацыяй быў толькі пакойны цяпер Уладзімір Кахно. Ды яшчэ Мікола Паседзька вучыўся на журфаку, але ён вельмі хутка сышоў на вольныя хлябы, таму, уласна кажучы, мне і прапанавалі ўзначаліць газету.
Дарэчы, у мой апошні працоўны дзень у «Ранку» Мікола Паседзька прыехаў са Швецыі, дзе цяпер жыве, у Светлагорск, і менавіта ў той дзень наведаў «Ранак»…
— Чым можна патлумачыць папулярнасць выдання ў рэгіёне? Сваё заўсёды бліжэй да цела?
— Мы заўсёды рэагавалі на запыты людзей: адзначалі, дзе падняліся кошты, гаварылі пра камунальныя праблемы, адсочвалі, дзе каго затапіла ці дах працёк.
Праўда, наша гатоўнасць рэагаваць мела і адваротны бок: з праблемамі звярталіся не да гарадскіх уладаў, а да нас. Раней мясцовыя ўлады мусілі рэагаваць на скаргі людзей – была хоць якая зваротная сувязь. Гэта пазней яны пачалі адрывацца ад рэальнасці і выконваць загады аднаго начальніка.
У Светлагорску жыве 70 тысяч чалавек, «Ранак» заўсёды быў на слыху. Мы спрабавалі па-рознаму камунікаваць з людзьмі. Напрыклад, больш за 20 гадоў выходзіла перадача «Віншуем»: уключаеш тэлевізар, а там — віншаванні жыхарам. Калі я манціраваў перадачу перад 8 сакавіка ці перад днём настаўніка, каб не рабіць канцэрт-віншаванні бясконцым па часе, мы суправаджалі некалькі віншаванняў адной песняй. І тады ўсё гэта запісвалася на відэакасеты VHS. Прыйшлі іншыя часы, іншыя тэхнічныя магчымасці, адбылася змена пакаленняў, але «Ранак» захоўваў накоплены патэнцыял да самага апошняга дня, калі нас заблакавалі і закрылі паўсюль.
«У 2020 годзе мы адышлі ад звыклай ролі камунальна-бытавога агента»
— Давайце згадаем апошнія дні «Ранка»…
— Да 2020 года, як мінімум, мы стараліся не лезьці ў «вялікую палітыку». Мы свядома засяродзіліся на мясцовых праблемах. Калі ў чалавека працякае дах, яму ўсё адно, хто пры ўладзе: галоўнае — вырашыць праблему. Мы ведалі, што існуюць забароненыя тэмы, якія мы не чапалі. Гэта спосаб выжывання.
Але нават пры такой палітыцы мы не пазбеглі праблемаў. Асабіста мяне з карэспадэнтам выклікалі ў КДБ і распавядалі, як трэба асвятляць.
У 2020 годзе творчая група сабралася, каб абмеркаваць, як будзем асвятляць выбары. Ніколі раней мы не бачылі столькі надзеі ў людзях. Нават арышты Бабарыкі і Ціханоўскага не зменшылі імпэт людзей. Мы дапускалі, што прэзідэнцкая кампанія 2020 года можа пайсці не па звыклым сцэнары, калі прагаласавалі — і кропка, усе разышліся. Мы не выключалі верагоднасць эксцэсаў. Таму і прынялі прынцыповае рашэнне – адысці ад звыклай ролі камунальна-бытавога агента, а ўсё-такі расказваць і паказваць тое, што будзе адбывацца. Ідзе дэманстрацыя — мы паказваем і расказваем.
Мы разумелі, што наша пазіцыя можа аўкнуцца праблемамі, але нават не дапускалі, што нас знішчаць у 2023 годзе.
У 2020 годзе мы асвятлялі ўсе мітынгі і дэманстрацыі: і пратэстоўцаў, і пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Я асабіста рабіў матэрыялы пра пацярпелых: арыштаваных, аштрафаваных, пабітых ні за што. Затым наступіў перыяд, калі міліцыя нават расказала пра колькасць затрыманых. Пазней, па меры астывання пратэсту, па меры таго, як улады пачалі прыходзіць у прытомнасць, пачаліся рэпрэсіі пад лозунгам Лукашэнкі «иногда не до законов».
Канешне, пазней «законы» падправілі заднім днём, але яны не мелі ніякага дачынення да права. Адсутнасць правоў да 2023 года стала бязмежнай – пад гэты молат патрапілі і мы.
У журналистов медиакомпании «Ранак» в Светлогорске прошли обыски
Пад канец 2021 года дзяржорганы атрымалі ўказанне тагачаснага старшыні Светлагорскага райвыканкама Алейнікава — з «Ранкам» не камунікаваць.
Нам проста адмаўляліся даваць любую інфармацыю — ад статыстыкі ЗАГСа, наступстваў каранавіруса, і заканчваючы графікам рамонтных работ.
Так што праца звялася да класічнага: што бачу — тое і пішу.
«Курск» паўтарыўся на Светлагорскім ЦКК. Ён і пахаваў «Ранак»
— Гісторыя закрыцця «Ранка» пачалася з аварыі на Светлагорскім цэлюлозна-кардонавым камбінаце…
— Так, летам 2023 года на Светлагорскім ЦКК адбылася буйная тэхнагенная катастрофа. Уся гісторыя «кiтайскага заводу» ЦКК — суцэльны скандал: пачынаўся з яго, будаваўся на скандалах, і завяршылася будаўніцтва не па-чалавечы.
Нават Камітэт дзяржкантроля ў свой час прызнаў, што кітайцы, якія будавалі камбінат, твораць на прадпрыемстве што хочуць. Напрыклад, кабель на заводзе аказаўся зусім іншым, чым па праекце — пракладзеныя 100 кіламетраў незразумелага кабелю, які невядома як павядзе сябе ў надзвычайных умовах. КДК запатрабаваў: выкопвайце кабель і мяняйце яго на належны. Праўда, не ведаю, чым уся тая гісторыя скончылася… А колькі народу загінула за гэтыя гады — ніводзін год не абышоўся без гібелі людзей.
7 чэрвеня 2023 года ў выніку выбуху на Светлагорскім ЦКК загінулі трое. Рабочым далі заданне прачысціць цеплаабменнік, бо трубы за час эксплуатацыі забіваюцца. Чуткі пацвердзіліся афіцыйна: на ЦКК не прыдумалі нічога лепшага, чым закачаць у трубы перакіс вадарода.
Дастаткова нагадаць, што з‑за падобнага выбуху загінула падлодка «Курск». У Светлагорску паўтарыўся «Курск», толькі ў маштабах аднаго цэха. Выбух быў настолькі моцным, што парэшткі трох загінулых небарак збіралі па руінах.
Пра аварыю мы даведаліся з сацсетак. Прамзона ад нас знаходзілася кіламетры за тры-чатыры, мы чулі ясны «бум», але не надалі належнай ўвагі. Непадалёку ад нас знаходзіцца ТЭЦ, якая часта скідвае пару — гэта таксама суправаджаецца выбухам. Але гэты выбух чулі нават на іншым канцы горада — кіламетраў за 5–7 ад эпіцэнтра аварыі.
Рэдактар накіравала на месца здарэння карэспандэнтку, якая зрабіла некалькі фота і зняла відэа, як з варот прахадной на тэрыторыю горада, на праезджую частку вуліцы Завадская шырокім патокам выцякае бура-карычневая вадкасць. Прыязджае грузавік з апілкамі і спрабуе спыніць гэты паток. Людзей папярэджваюць: не ступайце ў вадкасць, ваш абутак расплавіцца, разварочваюць веласіпедыстаў…
Гэтыя кадры паказаў толькі «Ранак».
Пайшоў у лазню — там мяне і павязалі
— У сераду адбылася аварыя.
У чацвер апублікавалі храналогію падзей, якую я падрыхтаваў. У пятніцу вечарам я яшчэ правёў стрым на ютубе. Пасля працы я пайшоў з сябрамі ў лазню – там мяне і павязалі.
Па мяне ў лазню прыехалі трое супрацоўнікаў ГУБАЗiК, і адвезлі ў райаддзел міліцыі. Як быў у футболцы, шортах і шлёпках, так і паехаў з імі. Прыязджаю — а там каля будынка мікрааўтобусы стаяць, АМАПаўцы з Гомеля па калідорах ходзяць… Праз некалькі гадзін чакання мяне павялі ў «ленінскі пакой», а там ужо сядзяць мае калегі. Забралі 9 чалавек з «Ранка» і прывезлі ў РАУС. Улады рэалізавалі прывычную схему: затрымліваць людзей у пятніцу і трымаць іх да суда ў ІЧУ. Нагодай стала падпіска у сацсетках на светлагорскую групу, прызнаную, як аказалася, экстрэмісцкай.
Па першым пратаколе ў мяне нарылі пяць ці шэсць «экстрэмісцкіх матэрыялаў», участковы афармляе мяне на «суткі» да суда. Добра, што тады ў мяне тэлеграма на тэлефоне не было. Гэта зараз тэлеграм для мяне асноўная крыніца інфармацыі, а тады для мяне, старога сабакі, цяжкавата было навучацца новым фокусам. Вязуць да медыка, каб канстатаваць адсутнасць скаргаў, і вядуць у камеру — а там ужо тры нашыя калегі.
У панядзелак адбыўся суд. Чацвёра мужчын (усім пад 50 ужо) чакалі суда ў адной камеры, а ў суседняй камеры сядзелі нашы жанчыны: маркетолаг, бухгалтарка, кадравічка. Жанчынам усім далі вялікія штрафы, двум калегам далі па трое сутак, а мне з Пашам — па 7.
16 чэрвеня, пасля вызвалення, мы прыйшлі ў рэдакцыю, дзе і даведаліся, што тэлеканал заблакаваны. Раніцай наступнага дня перастаў адкрывацца наш сайт. У панядзелак прыходзім на працу і ламаем галаву: што рабіць далей? Няма нават фармальнага тлумачэння, па якіх прычынах заблакаваныя нашы рэсурсы. Мы прынялі рашэнне пайсці на пэўны час у адпачынак за свой кошт.
За гэты час высветлілася, што тэлеканал заблакаваны па загаду Мінінфарма, а ў маім матэрыяле пра спорт гадавой даўніны «знайшлі» спасылку на «экстрэмісцкі» сайт «Трыбуна». Гэта і стала нагодай заблакаваць сайт.
У галаве не ўкладваецца: 30 гадоў «Ранак» быў аўтарытэтным у горадзе, мы атрымлівалі прафесійныя ўзнагароды, а чыноўнікі з’яўляліся нашымі пастаяннымі кліентамі. А тут — трах-бах! — сталі «экстрэмісцкім выданнем»…
Тэлерадыёкампанія «Ранак» у Светлагорску фактычна разгромленая
— Як кажуць, нічога асабістага, проста загад..
— І я падазраю — чый загад. Ужо згаданы старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў да чэрвеня 2023 года ўжо стаў адным з намеснікаў старшыні Гомельскага аблвыканкама і курыраваў СМІ і сілавікоў.
Мне ўяўляецца, што гэты персанаж атрымаў магчымасць адпомсціць «Ранку», які не лёг пад яго падчас старшынства ў райвыканкаме. А ён такія спробы рабіў, ён вельмі хацеў, каб выданне працавала па ягоных інструкцыях. Не атрымалася…
Галоўнае было збегчы
— Але вы не адразу вырашылі з’ехаць з Беларусі…
— Пасля адсідкі, калі я вярнуўся ў эфір, мне сталі пісаць: ці не бяспечней з’ехаць? Я адмахваўся: кіньце вы, падумаеш, адседзеў суткі — нічога страшнага.
Але падчас вымушанага адпачынку нашы сацсеткі былi прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пад пагрозай аказаліся ўсе нашы падпісчыкі. Мае калегі за ноч расфарміравалі ўсе групы, павыдалялі падпісчыкаў уручную.
Калі мы выйшлі з адпачынку, нас паставілі перад фактам, што ў прадпрыемства змянілася кіраўніцтва. Новая адміністрацыя, апрача дзіўных рухаў, не змагла нас забяспечыць працай: ні тэлебачанне, ні сайт, ні сацсеткі так і не аднавілі працу. У выніку 14 ліпеня я звольніўся па згодзе бакоў. На тым і завяршылася мая 28-гадовая журналісцкая праца ў «Ранку».
А на мне тады віселі штомесячныя выплаты па крэдытах у памеры 400 рублёў. Вы ж ведаеце, як заведзена ў Беларусі: узяў тэлефон у крэдыт, мэблю, яшчэ нешта і яшчэ — так добра трымаць людзей на прывязі. У Светлагорску за прыём новых людзей на прадпрыемствы адказвалі ідэолагі: адседзеў суткі за палітыку — ад варот паварот.
Нарэшце ўладкаваўся ў краму і мусіў выходзіць на працу. Аднак раніцай 3 жніўня ў хату ўрываюцца «касманаўты», заломваюць мне рукі і ўціскаюць у сценку. Мая жонка проста асела: а навошта вы гэта робіце? Прыйшлі з санкцыяй на вобшук: нібыта ў тэлеграме былі распаўсюджаныя пагрозы на адрас супрацоўнiка Следчага камітэта. І трэба праверыць, ці мае Ліпскі адносіны да пагроз. Поўнае трызненне…
Адвезлі пад канвоем у райаддзел міліцыі. Гадзіны праз дзве чакання адвялі ў пакой, дзе знаходзіўся аператыўнік гомельскага ГУБАЗіКа Новікаў, які стаў дапытваць мяне наконт тэлеграма. Ён даказваў, што я адміністрыраваў тэлеграм-чат «Ранка», я адмаўляўся.
У выніку са мной запісваюць відэа пра тое, чым я займаўся ў 2020 годзе, і вязуць да ўчастковага. «Григорьевич… твою мать! Как-то несерьезно вы относитесь к ситуации. Вы думаете, эти ребята от вас отстанут?» І тут у маёй галаве раздаецца гучны шчаўчок на ўвесь апорны пункт: дайшло, што на мяне рыхтуюць крымінальную справу.
Мяне аформілі, адвялі ў камеру да двух мужыкоў, асуджаных за алкагалізм. Спякота стаяла страшэнная, дыхаць не было чым. А мне спаць не давала думка пра крымінальную справу. І мне яўна не хацелася праходзіць «жыццёвыя ўніверсітэты» на зоне.
Назаўтра суддзя аштрафавала мяне і канфіскавала тэлефон. Наўпрост з суда я пазваніў жонцы і сказаў ёй: я мушу буду з’ехаць. Гэтая навіна для яе была як абухам па галаве. Паехалі да натарыуса, потым да маці. Я патлумачыў сітуацыю і развітаўся.
А вечарам таго ж дня я адправіўся па маршруту: Жлобін—Магілёў—Орша—Масква, адкуль самалётам выляцеў у Ерэван. Чаму ў Ерэван? Галоўнае для мяне было збегчы.
Раптоўна, у свае 53 гады, я аказаўся абсалютна адзін, без грошай, без навыкаў, без ведання мовы — проста выдзернулі з жыцця і выкінулі.
Я дачакаўся польскую гуманітарную візу — гэта была самая даступная опцыя для мяне. У выніку я паляцеў у Германію, дзе жыве мая дачка. Яна даўно грамадзянка Германіі, я спадзяваўся, што каля яе мне прасцей будзе сацыялізавацца. Мне сказалі, што па гэтай візе я магу паляцець у Германію, што і зрабіў.
Гісторыя з пашпартам стала ўжо хадзячым анекдотам
— Але ў Германіі прыгоды толькі пачаліся…
— Так. У Германіі я апынуўся 21 верасня 2023 года. У аэрапорце Франкфурт-Хан я адразу здаўся паліцыі. Мне пашчасціла натрапіць на рускамоўнага паліцэйскага, хаця вынік аказаўся зусім нечаканым для мяне. Ён сказаў, што мая заява аб наданні міжнароднай абароны прымаецца, мной зоймуцца ягоныя калегі, а мой пашпарт застаецца ў іх. Раздрукаваў мне на стандартным лістку паперы першую старонку майго пашпарта — калі раптам паліцыя захоча праверыць асобу.
Пасля фармальных працэдур мяне адправілі ў суседні Трыр у лагер для бежанцаў. Знайшоў я лагер, паказалі мне пакой, ложак, далі сухпаёк і камплект пасцельнай бялізны.
Але калі дайшла чарга да рэгістрацыі, мне адмовілі і адправілі за 150 кіламетраў — у горад Цындорф, бо аказалася, што беларусаў прымае Баварыя, але не зямля Рэйнланд-Пфальц.
Паехаў туды. Паліцыя адразу забрала мае 700 еўра, заявіўшы што прэтэндэнт на бежанства мае быць бедным, але я маю права на кішэнныя грошы — 200 еўра. Астатняя сума ідзе ў бюджэт і будзе расходавацца на маё ўтрыманне там.
Месяц я правёў у лагеры Цындорфа. Пасля чаго мяне вывезлі ў іншы лагер, дзе я пражыў да сакавіка. Пры гэтым 1 студзеня я атрымаў адказ, што разгляд маёй заяўкі адхілены, і я мушу з’ехаць у Польшчу, якая і мусіла займацца маёй справай па сутнасці.
Я пісьмова папрасіў вярнуць мне пашпарт, паабяцаўшы з’ехаць самастойна, не чакаючы дэпартацыі. У адказ — маўчанне. І студзень, і люты я пісаў, я званіў, мая дачка па маёй просьбе званіла – кантактны тэлефон альбо заняты, альбо ніхто не адказвае. На тры мае электронныя лісты, накіраваныя ў розныя інстанцыі, — толькі маўчанне.
Раніцай 4 сакавіка адкрываюцца дзверы нашага кантэйнера ў Шайнфельдзе, дзе я жыў з беларусам з Пінска, мне кажуць, што мяне адпраўляюць у Цындорф — і на Польшчу. Усю дарогу я пытаўся ў паліцэйскіх: ці везяце мой пашпарт?..
Нарэшце мяне прывезлі ў горад Гёрлiц, якi раздзелены напалову паміж Германіяй і Польшчай. Гёрлiц — нямецкая частка горада, а праз мост пачынаецца польскі Згажэлец.
Польскі памежнік пытаецца у мяне: а дзе панаў пашпарт? У немцаў, кажу. Хачу падаваць заяву на міжнародную абарону. Выпісалі мне часовае пасведчанне замежніка — пытанне з пашпартам часова адпала. Працэдура афармлення заняла каля чатырох гадзін.
— Куды вы накіраваліся, калі нарэшце апынуліся ў Польшчы?
— Сказаў памежнікам, што паеду ў Лодзь, дзе пажыву ў сяброў першы час. Яны прывезлі мяне на вакзал — я з сумкамі-клункамі адправіўся ў Лодзь, запоўніў анкету і адправіў яе ва ўпраўленне па справах замежнікаў на Табарова. Таксама накіраваў заяву, што я не хацеў бы жыць у лагеры, таму прашу кампенсаваць пражыванне дапамогай і медыцынскай страхоўкай.
Праз колькі дзён я знайшоў пакой, падсяліўся да суседа. Атрымаў паведамленне, што дзяржава выдзяляе мне дапамогу. І нават пачаў хадзіць па ўрачах: у Германіі я застудзіў вуха, і, відаць, пайшло ўскладненне. Але падлячыцца не паспеў…
Зранку 24 траўня званок з фірмы «Петра Медыка», якая забяспечвае аказанне медыцынскай дапамогі асобам, якія падаліся на міжнародную абарону. Мне паведамілі, што мая медыцынская страхоўка закончылася, а ўсе мае візіты адмяняюцца. Як так: дапамога і страхоўка выдаюцца на ўвесь тэрмін разгляду заявы на міжнародную абарону! Плюс два месяцы пасля прыняцця рашэння — ці станоўчага, ці адмоўнага.
Пасля доўгіх разбіральніцтваў мне параілі звярнуцца ў бліжэйшы пагранічны пункт і зрабіць заяву на працяг разгляду справы па міжнароднай абароне.
Домен светлогорского издания «Ранак» теперь использует онлайн‑казино
Прыязджаю да памежнікаў. А мне і кажуць: а з чаго вы ўзялі, што вашая заява дагэтуль разглядаецца? У базе дадзеных значыцца, што разгляд вашай справы спынілі яшчэ 14 сакавіка… І вашага пашпарту ў нашай сістэме няма: ён не ў Польшчы. Шукайце. А як шукаць, калі я з Польшчы выехаць не магу?
Я сказаў, што знаходжуся ў Польшчы па гуманітарнай візе. На што камандзір папярэдзіў: я мушу распачаць адміністрацыйны працэс па вашым дабраахвотным вяртанні ў Беларусь. А каб гэтага не адбылося, мне параілі падаць паўторную заяву на міжнародную абарону…
Мой пашпарт знайшлі у лiстападзе, а 31 снежня я атрымаў па пошце рашэнне, што мне далі міжнародную абарону ў Польшчы. Цяпер чакаю, што гэтыя абставiны станоўча паўплываюць на адміністрацыйны працэс наконт маёй дэпартацыі — прыняцце рашэння па iм у чарговы раз адкладзена да 17 лютага.
І апошняя навіна: я ўладкаваўся на працу на завод упакоўшчыкам. Цяжкавата, канешне, у маім узросце, пасля столькіх гадоў у журналістыцы. Затое я цяпер з пашпартам, з дэцызіяй і «бежанец».