Асуджанага вайсковага аналітыка, блогера Андрэя Паротнікава ўнеслі ў пералік «экстрэмістаў»
Звесткі пра гэта з’явіліся на сайце МУС Беларусі 8 мая 2025 года. У 2024 годзе Андрэй Паротнікаў быў асуджаны да 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Андрэй Поротнікаў. Скрыншот фільма АНТ
Паводле інфармацыі ў пераліку «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце сілавога ведамства, ён ужо этапаваны адбываць прыгавор.
31 кастрычніка 2024 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка ў закрытым судовым працэсе прызнаў Андрэя Паротнікава вінаватым паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК РБ);
- змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады (ч. 1 арт. 357 КК РБ);
- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361–4 КК РБ);
- уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361–1 КК РБ);
- перашкода здзяйсненню выбарчых правоў (ч. 2 арт. 191 КК РБ).
Андрэй Паротнікаў — блогер, спецыяліст па праблемах бяспекі, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog і сябра Рады арганізацыі «Правы альянс». Яго затрымалі ў сакавіку 2023 года на тэрыторыі Расіі, прывезлі ў Беларусь і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ.
У жніўні 2023 года дзяржаўны тэлеканал «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ) выпусціў прапагандысцкі фільм. У ім распавялі, што абвінавачваюць Паротнікава у тым, што ён «веў свой блог і збіраў аналітыку па Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспертамі».
Паводле афіцыйнай інфармацыі, вайсковаму аналітыку інкрымінавалі супрацу з польскай выведкай — нібыта ён перадаваў за мяжу звесткі, атрыманыя ад недзяржаўных журналістаў, работнікаў міністэрстваў і дыпламатычных службаў.
6 верасня 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Паротнікава палітычным вязнем.
