Анджэй Пачобут узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава
Гэтую прэмію Еўрапарламента беларускі журналіст атрымаў разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі.

Мзія Амаглабелі з Грузіі, Анджэй Пачобут з Беларусі, лаўрэаты прэміі імя Андрэя Сахарава 2025 года © L.S/Belta AFP & Z.T/Netgazeti
Прэзідэнтка Еўрапарламента Роберта Мецола, аб’яўляючы пераможцаў прэстыжнай прэміі, заявіла:
«Уручаючы сёлетнюю прэмію імя Сахарава за свабоду думкі Анджэю Пачобуту з Беларусі і Мзі Амаглобелі з Грузіі, мы ўшаноўваем двух журналістаў, чыя мужнасць ззяе як маяк для ўсіх, хто адмаўляецца быць прымушаным маўчаць.
Абодва заплацілі высокую цану за тое, каб казаць праўду ўладзе, стаўшы сімваламі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Парламент падтрымлівае іх і ўсіх, хто працягвае патрабаваць свабоды».
Анджэя Пачобута на прэмію імя Андрэя Сахарава рэкамендавала група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць».
16 кастрычніка члены камітэтаў Еўрапейскага парламента па замежных справах і развіцці прагаласавалі за трох фіналістаў прэміі імя савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года. На прэмію прэтэндавалі зняволеныя журналісты Анджэй Пачобут з Беларусі і Мзія Амаглабелі з Грузіі; журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ва ўсіх зонах канфліктаў, прадстаўленыя Палестынскім сіндыкатам журналістаў, Чырвоным Паўмесяцам і Блізкаўсходнім агенцтвам ААН для дапамогі палестынскім уцекачам; сербскія студэнты.
Рашэнне канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента абвясціла лаўрэата 2025 года падчас пленарнага пасяджэння 22 кастрычніка. Цырымонія ўганаравання адбудзецца 16 снежня 2025 года ў Страсбургу.

Анджэй Пачобут у судзе, 2023 года. Фота: БелТА
Дасье Анджэя Пачобута
Журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі польскай меншасці.
Судовы працэс над журналістам пачаўся 16 студзеня 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад гэтым суд некалькі разоў пераносіўся.
Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.
8 лютага 2023 года журналіста прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён адбывае прысуд у калоніі № 1 у Наваполацку.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла катэгарычна супраць такога прысуду.
Сёння Анджэй Пачобут з’яўляецца адным з 29-ці зняволеных супрацоўнікоў медыяў.

Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 11 верасня, пасля вызвалення і дэпартацыі 52 беларускіх палітвязняў, заявіў, што пытанне вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута застаецца прыярытэтам для Варшавы на «перамовах з саюзнікамі і ўладамі Беларусі». Пачобут «з’яўляецца першым у спісе нашых чаканняў», заявіў прэм’ер-міністр і дапусціў, што гэта менавіта тая прычына, па якой беларускія ўлады не спяшаюцца вызваляць журналіста.
Між тым, 23 верасня кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася з Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі, дзе ён адбывае прыгавор. Пасля сустрэчы яна расказала, што палітвязень правёў тыдзень у шпіталі, дзе паправіўся — цяпер ён важыць 73 кг. Таксама ён паведаміў, што атрымлівае неабходныя лекі.
Паводле слоў Борыс, Анджэй Пачобут тыдзень правёў у турэмным шпіталі, дзе яму рабілі аперацыю па выдаленні язваў са скуры.
Так супала, што пасля сустрэчы Борыс з Пачобутам польскі ўрад адкрыў аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску ў Брэсцкай вобласці, якія былі зачыненыя з 12 верасня з прычыны беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2025».
Між тым, журналіста Анджэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на шэсць месяцаў — да лютага 2026 года.
15 кастрычніка ў Вашынгтоне намеснік старшыні польскага МЗС Марцін Басацкі сустрэўся з дарадцам прэзідэнта ЗША, спецыяльным пасланнікам па Украіне і Беларусі Джонам Коўлам. Паводле польскага дыпламата, Джон Коўл дамовіўся пра чарговае вызваленне палітвязняў, у тым ліку палякаў і беларускіх супрацоўнікаў «Белсата».
