Палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту яшчэ на паўгода працягнулі рэжым утрымання ў ПКТ
Пра тое, што Анджэя Пачобута чарговы раз пакаралі ўтрыманнем у найбольш жорсткіх умовах зняволення, паведаміў сёння гродзенскі Telegram-канал «Право имеют».

Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун
Гродзенскі журналіст і грамадскі актывіст Анджэй Пачобут асуджаны да 8 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд ён адбывае ў наваполацкай ПК‑1, дзе яго неаднаразова змяшчалі на працяглы тэрмін у памяшканне камернага тыпу — спецыяльную турэмную камеру на тэрыторыі калоніі.
Паводле назіранняў праваабаронцаў, змяшчэнне палітвязняў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на паўгода ці болей можа папярэднічаць усчынанню крымінальнай справы паводле арт. 411 КК РБ (злоснае непадпарадкаванне распараджэнням адміністрацыі калоніі). Вынікам судоў па гэтай справе, як правіла, бывае падаўжэнне тэрміну зняволення.
8 гадоў утрымання за кратамі Анджэю Пачобуту прызначыў суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык. Ён прызнаў журналіста вінаватым у распальванні варожасці (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса) і ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса).

Так выглядае памяшканне камернагу тыпу. Фота: «Вясна»
Падставай для крымінальнага пераследу журналіста выдання Gazeta Wyborcza і актывіста Саюза палякаў Беларусі следства выкарыстала яго публікацыі ў СМІ. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У матэрыяле Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
25 сакавіка 2025 года споўнілася роўна чатыры гады, як Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі. За гэты час у журналіста істотна пагоршыўся стан здароўя. Ён пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з сэрцам і зрокам. Тым не менш, вядома, што ў калоніі яму пэўны час не давалі неабходных лекаў.
Журналісту неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне пра памілаванне, але ён не пагаджаўся. Пра гэта вядома ад былых зняволеных, якія адбывалі тэрмін прысуду разам з ім у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.
На знак салідарнасці з Анджэем Пачобутам па ўсім свеце праходзяць акцыі падтрымкі. Летась у сакавіку польская рэдакцыя амерыканскага выдання Newsweek узнагародзіла Анджэя Пачобута прэміяй імя Тэрэсы Таранскай у намінацыі «Фігура дзесяцігоддзя». 31 ліпеня 2024 года Варшаўская рада ўрачыста абвясціла журналіста ганаровым жыхаром Варшавы.
