Сына пісьменніка і журналіста Сяргея Антонава асудзілі на 1,5 гады калоніі
1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму прызначыў суд Быхаўскага раёна Арцёму Антонаву — сыну пісьменніка і журналіста Сяргея Антонава.

Арцём Антонаў. Фота: сацсеткі
Арцёма Антонава асудзілі 19 красавіка 2024 года паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Суддзя Уладзімір Жолудзеў прызначыў Арцёму адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пра гэта паведаміў тг-канал MAYDAY.TEAM.
Затрыманне Арцёма Антонава адбылося ўвечары 26 снежня ў Быхаве. Хлопца забралі ў міліцыю, патлумачыўшы, што суседзі скардзяцца на гучную музыку ў кватэры. Абвінавачанне паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса грунтуецца на тым, што ў міліцэйскай машыне па дарозе ў пастарунак Арцём нібыта абразліва выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку.
«Я думаю, гэта помста мне за мой ад’езд. Сын, вядома ж, быў засмучаны тым, што мяне затрымлівалі па крымінальнай справе, што дапытвалі ў КДБ. І што ён там, у машыне, казаў, а чаго не казаў — сведкамі гэтага былі толькі міліцыянты. Паводле іх слоў Арцёма і вінавацяць», — каментаваў здарэнне Сяргей Антонаў.
Бацька палітзняволенага Сяргей Антонаў – вядомы пісьменнік, журналіст, аўтар кніг з серыі «Метро 2033». За супрацу з незалежнымі сайтамі 6TV і «Магілёў Медыя» зазнаў пераслед у Беларусі. Ён пакінуў краіну 11 снежня мінулага года, праз некалькі дзён пасля ператрусу ў ягоным жыллі і допыту супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі.
