Арцём Шрайбман: Людзі губляюць страх і адчуванне рэальнасці, таму трапляюць у небяспеку
Навошта беларускаму рэжыму «экстрэмісцкія спісы»? Якім чынам улада іх выкарыстоўвае? Калі чакаць паслаблення рэпрэсій і ці варта чакаць іх увогуле? БАЖ пагутарыў з палітычным аглядальнікам Арцёмам Шрайбманам.

Арцём Шрайбман. Фота: svaboda.org
«Канвеер працуе паводле свайго алгарытму»
— Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Мінінфарма займае ўжо 1800 старонак, адпаведна, колькасць рэсурсаў, прызнаных такімі, дасягае дзясяткі тысячаў. Пры гэтым дзяржаўны апарат не збаўляе абаротаў, штодня адпаведны пералік папаўняецца. Хаця, здавалася б, усё жывое ўнутры краіны ўжо выпаленае і закатанае ў асфальт — адкуль узяцца гэтаму таямнічаму «экстрэмізму»? Навошта ўлады так робяць?
— Калі ў рэпрэсіўным апараце стала нормай уносіць у «экстрэмісцкі спіс» тое, што ўладам не падабаецца, асобныя чыноўнікі, суды, сілавікі сталі ініцыяваць гэтую працэдуру — яны маюць такое права. Зусім неабавязкова, што за кожным уключэннем у гэты спіс стаіць прадуманая палітычная стратэгія адміністрацыі Лукашэнкі. Вельмі часта гэта можа быць лакальная ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў проста таму, што такая норма існуе ў сістэме, маўляў, мы такім чынам пераследуем некамфортны для нас кантэнт.
Глабальна мера прызнання кантэнту «экстрэмісцкім» мае зразумелую мэту — зрабіць апазіцыйны і ўвогуле некамфортны для ўлады кантэнт таксічным унутры краіны, каб людзі самі баяліся, адпісваліся падалей ад граху, адпісвалі сваіх мужоў і жонак, сваіх дзяцей. Такім чынам вакол незалежных СМІ, праваабаронцаў і іншых актывісцкіх структур ствараецца зона радыяактыўнасці, якую запужаныя людзі баяцца пераходзіць — каб не падстаўляцца.
— Можна зразумець, калі «экстрэмісцкімі» прызнаюцца рэсурсы, якія маюць вялікую колькасць чытачоў (падпісчыкаў). Але навошта Пухавіцкі раённы суд прызнаў «экстрэмісцкім» асабістую Instagram-старонку Барыса Гарэцкага? Ды і тысячы іншых асабістых акаўнтаў… Навошта?
— Персанальныя старонкі сёння часта становяцца блогамі і могуць мець больш падпісчыкаў, чым невялікае нішавае СМІ. Таму для ўлады няма вялікай розніцы — прызнаваць «экстрэмісцкай» старонку медыя ці дзеяча.
У згаданым выпадку магчымыя выпадковасці кшталту таго, што Барыс калі-небудзь запосціў бел-чырвона-белы сцяг у сваім Інстаграме — гэтага дастаткова для «экстрэмізму». Чыесьці старонкі прызнавалі такімі літаральна за адзін рэпост іншага «экстрэмісцкага» кантэнту. Я б не выключаў нейкі рандом.
— Заўважана яшчэ адна дзіўная тэндэнцыя: БАЖ прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2023 годзе. Лагічна было б прызнаць усе ягоныя сацсеткі «экстрэмісцкімі» адразу, аднак улады робяць гэта паступова. Такое ўражанне, што для ўладаў важны не столькі вынік, колькі самазанятасць.
— Я не бачу тут палітычнай логікі — гэта чыста бюракратычныя нестыкоўкі. Я згодны, што ў гэтым выпадку мае значэнне не столькі вынік, проста канвеер працуе паводле свайго алгарытму. І працягвае працаваць проста таму, што яго не спыняюць, а не таму, што з кожным канкрэтным прызнаннем нейкага кантэнту «экстрэмісцкім» улада прымае свядомыя асэнсаваныя рашэнні на найвышэйшым узроўні.
«Экстрэмісцкія спісы» носяць прапагандысцка-псіхалагічны эфект»
— Як такая дзейнасць уладаў адбіваецца на спажыванні навін і светапоглядзе людзей?
— Досыць відавочна, што на менш палітызаваных і менш актыўных грамадзян такія забароны з боку дзяржавы сапраўды ўздзейнічаюць — людзі бягуць ад любога кантэнту, які можа прызнавацца «экстрэмісцкім». Яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб такія СМІ і старонкі не аказаліся ў тэлефоне, калі раптам яго правераць.
Мяркую, гэта працуе як стандартнае запалохванне: адварочвае пэўную частку людзей ад такога кантэнту.

Фота з сайта humanconstanta.org
Многія з тых, хто да 2020 года спажывалі палітычныя навіны, напрыклад, праз TUT.BY, зараз імкнуцца стварыць вакол сябе пухір, куды такія навіны не прасочваюцца.
Я ведаю многа гісторый з Беларусі, якія проста палохаюць: беларусы сталі забывацца, што ў краіне працягваюцца рэпрэсіі, што ўнутры краіны захоўваецца небяспека, бо яны даўно не чыталі навін. Калі медыі пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі», чытачы павыдалялі «варожыя» старонкі. І аказаліся непадрыхтаванымі да рэальнасці — затрыманні працягваюцца, дагляды на мяжы не спыняюцца.
Людзі часта трапляюць у небяспечную сітуацыю, забыўшы, што некалі яны зрабілі данат, і трэба схаваць ягоныя сляды, што некалі яны пісалі ў «Гаюн». На такія рэчы вельмі лёгка забыцца, улічваючы тое, што псіхіка штурхае любога чалавека да нармалізацыі і адаптацыі сітуацыі вакол сябе.
Мяркую, гэта сыграла злы жарт са многімі, калі чалавек, паддаўшыся страху некалькі гадоў таму, сапраўды губляе страх і адчуванне рэальнасці. Хаця яно бывае карысным хаця б дзеля самазахавання.
— «Экстрэмісцкія спісы» мелі б сэнс у прававой дзяржаве, у Беларусі ж апошнія пяць гадоў любога можна арыштаваць і без усякіх падстаў. Навошта тады дзяржапарат (следчыя органы, суды, Мінінфарм) трацяць высілкі на тое, каб складаць і бясконца пашыраць гэтыя пералікі?
— Спісы выкарыстоўваюцца не толькі як інструмент «правасуддзя». Сапраўды, судзіць і пераследаваць можна і без іх.
На маю думку, галоўны сэнс гэтай меры — у стварэнні своеасаблівага плота, кардона паміж незалежнай інфармацыяй і беларусамі, каб людзі самі баяліся незалежных рэсурсаў, а не для таго, каб мець чарговы, дзясяты інструмент для арыштаў. «Экстрэмісцкія спісы» носяць прапагандысцка-псіхалагічны эфект.
«Пры Лукашэнку няварта чакаць якаснага зніжэння рэпрэсіўнасці рэжыму»
— Пасля прэзідэнцкай кампаніі 2025 года аптымісты спадзяваліся, што вал арыштаў калі і не пойдзе на спад, то трохі суцішыцца. Падобна, аднак, што рэпрэсіўная машына толькі набірае абароты.
— Я не магу сказаць, што яна набірае абароты ці, наадварот, збаўляе іх, або трымаецца на ранейшым узроўні. На пачатку года ўлады засакрэцілі рэестры судовых спраў, судовых пастаноў, таму праваабаронцы сёння не маюць поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне.

Арцём Шрайбман. Скрыншот відэа
Трэнды збіліся, усплёск рэпрэсій быў перад так званымі «прэзідэнцкімі выбарамі». Мы ведаем, што па нейкіх катэгорыях спраў, напрыклад, па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, паводле якога многіх арыштоўвалі за ўдзел у пратэстах, адбываецца хвалепадобны працэс: зафіксаваны ўсплёск затрыманняў перад заканчэннем тэрміну даўнасці. Але цяпер тэрмін даўнасці закончыўся, некаторых людзей або вызваляюць ад адказнасці, або перакваліфікуюць іхнія дзеянні паводле больш цяжкіх артыкулаў.
Але мы не ведаем маштабаў гэтага працэсу — мы не бачым, колькі людзей вызваляюць ад адказнасці, і, наадварот, колькі людзей прыцягваюць да адказнасці паводле іншых артыкулаў.
Зараз мы бачым усплёск судоў па справе «Беларускага Гаюна». Яна здаецца самай галоўнай крымінальнай справай года, але мы не ведаем, наколькі яно адрозніваецца па маштабах ад 2023–2024 гадоў. Мы не маем лічбаў, каб параўноваць, таму не можам сказаць, ці стала сёлета больш судовых прысудаў.
Мяркуючы па колькасці палітзняволеных, рэпрэсіі ўтрымліваюцца прыкладна на адным узроўні. Працягваецца працэс памілаванняў. Многія зняволеныя вызваляюцца па заканчэнні тэрмінаў, аднак колькасць палітзняволеных падае не так хутка, як можна было чакаць. Можна зрабіць выснову, што рэпрэсіўная машына сапраўды запаўняе турмы. То бок яўнага спаду не адбываецца. Аднак гэта ўсё, што мы ведаем, і гэтай інфармацыі недастаткова, каб рабіць навукова абгрунтаваныя высновы.
— Калі і пры якіх умовах рэпрэсіі могуць пайсці на спад?
— Неабходна, каб сышліся некалькі ўмоў. Найперш, улада павінна адчуць супакаенне наконт сітуацыі ўнутры краіны. То бок будзе адбывацца руцінізацыя рэпрэсій: яны будуць ісці па інерцыі, але без ініцыяцыі новых гучных спраў і працэсаў, якія былі неабходныя ўладзе ў 2020–2021 гадах, каб задушыць пратэсны рух.
Другое. Калі беларускія ўлады дамовяцца з Захадам, і Захад зможа праціснуць не толькі вызваленне палітвязняў, але і пакрокавае зніжэнне рэпрэсій ці адкат некаторых форм рэпрэсій. Напрыклад, пераход ад крымінальнага пераследу толькі да адміністрацыйнага, адмену «экстрэмісцкіх» спісаў і гэтак далей.
Гэта таксама магчыма, але, хутчэй за ўсё, не пры Лукашэнку, а пазней. Але раней ці пазней мы прыйдзем да таго, што рэпрэсіі стануць часткай дыялогу з Захадам.
Гэта асноўныя перадумовы. У астатнім незразумела, чаму сістэма павінна спыніцца — яна знайшла баланс, у межах якога функцыянуе. І пакуль праблема размарозкі стасункаў з Захадам не стаіць так востра перад Мінскам, я не бачу прычын, з якіх ён павінен спыніцца.
Ёсць яшчэ і трэці, экстрэмальны, варыянт змякчэння сітуацыі: калі рэпрэсіі пачнуць наступаць на ключавыя інтарэсы ўладаў. Умоўна кажучы, калі будуць арыштоўваць занадта многа людзей, набліжаных да ўладаў, то бок калі сістэма пачне пажыраць сама сябе.
Але пакуль гэтага мы не бачым. Мы не бачым, каб рэпрэсіі прынялі масавыя формы, якія паставілі б перад наменклатурай пытанне пра спыненне рэпрэсій супраць яе, як напрыканцы сталінскага тэрору. Пакуль гэтага няма, прынамсі, мы гэтага не бачым. І я не думаю, што Лукашэнка схільны дапусціць перарастанне рэпрэсій у такі фармат.
Я бачу такія сцэнары. Які з іх і калі рэалізуецца, не маю ніякага паняцця. Мяркую, акно для прыпынення ці спынення гвалтоўных дзеянняў улады адкрыецца ўжо пасля Аляксандра Лукашэнкі. Я не веру, што пры Лукашэнку варта чакаць якаснага зніжэння рэпрэсіўнасці рэжыму. Адмова ад нейкіх форм рэпрэсій — магчыма, але не вяртанне ў 2019 ці 2020 год.
