Асуджаны журналіст Аляксандр Васюковіч выехаў з Беларусі
Вядомы беларускі фотажурналіст Аляксандр Васюковіч сёлета ў студзені быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, якія ён асвятляў.
У 2020 годзе Аляксандра некалькі разоў затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах, а ўвосень мінулага года затрымалі паводле крымінальнага абвінавачання і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага.
18 студзеня гэтага года суддзя Юлія Крэпкая асудзіла журналіста на 3 гады абмежавання волі. Асцерагаючыся далейшага пераследу Аляксандр Васюковіч выехаў з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. БАЖ дзякуе Фонду салідарнасці BYSOL за дапамогу Аляксандру ў эвакуацыі.
Неўзабаве на сайце БАЖ выйдзе вялікае інтэрв’ю з Аляксандрам пра жыццё і працу ў Мінску ў цяперашні час, затрыманне, СІЗА і суд.
