Атака клонаў у беларускім Facebook: з’явілася шмат фэйкавых старонак
У беларускім Facebook з'явілася шмат фэйкавых старонак-клонаў розных актыўных блогераў і вядомых людзей. Сярод іх — палітыкі і журналісты, напрыклад, Андрэй Дзмітрыеў, Юрась Меляшкевіч, Сяргей Філімонаў. Невядомыя людзі з вядомымі прозвішчамі пачалі дадавацца ў сябры літаральна ў адзін момант да многіх карыстальнікаў сацсеткі. Некаторым нават прыходзілі запыты ад іх саміх.
Што рабіць?
Спецыялісты кажуць, што галоўнае — не дадаваць такі фэйк у сябры. Тут, як з фішынгам, нельга праглынаць нажыўку. А далей на ваш выбар два варыянты: альбо выдаліць запыт, альбо паскардзіцца на старонку. Тады, магчыма, такіх ботаў стане меней.

Што гэта?
Хутчэй за ўсё гэта нейкая сетка ботаў. Мэты іх распаўсюду складана вызначыць. Магчыма, пасля яны будуць дасылаць спам альбо спасылкі на порна ці нейкія вірусы ў паведамленні і на сцяну вашага профілю. Таму важна іх не дадаваць у сябры, бо яны змогуць адзначыць вас у гэтых спасылках.
Па якім прынцыпе робяцца клоны?
Хутчэй за ўсё клоны робяць са старонак людзей, які актыўна пішуць у фэйсбук, прычым пасты не для сяброў, а менавіта публічныя, бо іх можна праіндэксаваць. Пасля гэтага аўтаматычна рэгіструецца старонка з прозвішчам такога чалавека. Здымак можа быць і невядомага чалавека, але можа быць і публічна даступны здымак з профілю таго, з каго зрабілі клон.
Як адрозніць клона ад рэальнага чалавека?
Па-першае, калі да вас у сябры грукаецца асоба, якая ўжо ў вас у сябрах, варта задумацца. І перад тым як дадаць — пацікавіцца ў рэальнага чалавека. Ці напісаць клону — маўчанне ці дзіўны адказ хутчэй за ўсё выдасць яго. Таксама можна паглядзець на колькасць сяброў, фотаздымкаў і асабістых дадзеных профілю. Іх адсутнасць таксама прычына задумацца. Калі да вас у сябры просіцеся вы самі, гэта хутчэй за ўсё бот.
