Аўторак. Трэці дзень суда над Эдуардам Пальчысам
У Мінскім гарадскім судзе — працяг судовага працэсу па крымінальнай справе над 25-гадовым жыхаром Ліды Эдуардам Пальчысам — заснавальнікам блогу 1863-x, вядомым пад псеўданімам Джон Сільвер.
Паседжанне суда пачалося а 10‑й раніцы.
Нагадаем, што суд праходзіць у закрытым рэжыме. Падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы ўзялі з жонкі Пальчыса і з адвакаткі Ганны Бахціной.
Сёння каля суда акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам ладзяць некалькі чалаек. Сярод іх і сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Міліцыянты не перашкаджаюць праводзіць акцыю салідарнасці, але складаюць пратаколы на яе ўдзельнікаў. Аналагічная сітуацыя была і ў папярэднія дні.
Слуханне крымінальнай справы блогера, рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, пачалося ў Мінскім гарадскім судзе 14 кастрычніка. 25-гадовы Пальчыс абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).