БАЖ выказвае спачуванні ў сувязі з заўчаснай смерцю генсека «Рэпарцёраў без межаў»
У Парыжы ва ўзросце 53 гадоў памёр генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстаф Дэлуар. Прычынай яго заўчаснай смерці стала анкалагічнае захворванне.

Крыстаф Дэлуар. Фота: Facebook
БАЖ выказвае шчырыя спачуванні сям’і і родным нашага калегі.
Але і журналісцкая супольнасць панесла цяжкую страту. «Рэпарцёры без межаў» сталі на абарону беларускіх журналістаў з першых дзён пратэстаў у 2020 годзе.
Мы ўсе памятаем, як 28 траўня 2021 года Крыстаф Дэлуар прыляцеў на літоўска-беларускую мяжу, каб выказаць сваю салідарнасць і пратэст супраць пераследу беларускіх калегаў з боку рэжыму Лукашэнкі. Напярэдадні ў Мінску спецслужбы прымусова пасадзілі авіялайнер RayanAir, на борце якога знаходзіўся заснавальнік тэлеграм-канала Nexta Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф’я Сапега.
Кожнаму журналісту, які хоць раз аказваўся ў цяжкай сітуацыі, надзвычай важна своечасова адчуць побач плячо падтрымкі калегі і сябра. Крыстаф Дэлуар аказаўся побач, калі ягоная падтрымка была вельмі важнай.
Беларусы кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Крыстаф Дэлуар паказаў беларускім журналістам прыклад салідарнасці, падтрымкі і змагання за прафесійныя правы. За гэтае і будзем памятаць.
Беларуская асацыяцыя журналістаў удзячная Крыстафу Дэлуару за ўсё, што ён зрабіў для беларускай журналістыкі, і за працу, якую працягваюць ягоныя калегі з «Рэпарцёраў без межаў».
