Барыс Гарэцкі: Спадзюся, большасць нашых медыя гэты крызіс вытрымаюць
Як сусветныя працэсы ўплываюць на беларускі журналісцкі сектар і нават шырэй? Пра гэта «Радыё Рацыя» размаўляла з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім.

Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ
Грамадская дыскусія пра фінансаванне СМІ зараз толькі разгараецца, вырашальным фактарам тут ёсць – эфектыўнасць СМІ.
РР: Якія зараз найважнейшыя праблемы беларускай журналісцкай супольнасці? Напэўна фінансаванне?
Барыс Гарэцкі: Праблемы фінансавання сёння не толькі ў медыя, але і ў грамадскага сектара, і ў многіх іншых сферах.
Мы планавалі, што скарачэнне сродкаў для медыя будзе хутчэй ў 2026 годзе. Але прэзідэнт ЗША паскорыў працэсы. Гэта вялікая страта насамрэч.
Ёсць тут два моманты, пра якія варта сказаць: што страчаны вялікія сродкі, і цяпер яны нібыта замарожаны на 90 дзён, але хутчэй за ўсё гэтыя сродкі ўжо не вернуцца на тыя праграмы, нават калі яны будуць размарожаны, я ўпэўнены, што новая адміністрацыя прэзідэнта ЗША зробіць усё магчымае, каб сродкі не выдаткоўваліся на тое, на што яны не хочуць.
То-бок мы рэзка ўвайшлі ў фінансавы крызіс. Ён адбыўся нечакана – не было часу на падрыхтоўку. З другога боку ў 2025 годзе некаторыя беларускія медыя ўжо паспелі стаць на пэўныя «ногі» ў новай рэальнасці. Можна ўжо зрабіць выснову, што гэта не будзе так разбуральна, яка магло б быць, калі б гэта здарылася ў 2021 – 2022 годзе, калі медыям патрэбна была крызісная падтрымка, калі ўсе выязджалі, перазапускалі новыя рэдакцыі. Зараз ёсць верагоднасць, што частка медыяў уратуецца.
Безумоўна, мы страцім кагосьці на медыяполі. Я кажу «безумоўна», гэта значыць, прагнозы такія, што хтосьці відавочна не выжыве, хтосьці будзе кааперавацца між сабою, але мацнейшыя захаваюцца. І ворагі беларушчыны могуць не расслабляцца. Я спадзяюся, што Радыё Рацыя была, ёсць і будзе.
РР: Таксама гэтая сітуацыя выклікала вялікую дыскусію ў журналісцкай супольнасці, у медыя прасторы, ёрнічаюць трошкі прапагандысты на гэты конт, маўляў, вось вам паказалі, як трэба жыць. Як гэта можна аб’яднаць у адно: і нашыя прафесійныя размовы пра тое, як сапраўды забяспечыць сваё існаванне, ну і каб не цешылася вельмі прапаганда?
Барыс Гарэцкі: Насамрэч прапаганда можа святкаваць, таму што Трамп сапраўды вельмі блізкі па сваіх пазіцыях да Лукашэнкі. Я думаю, што паміж імі бліжэйшым часам будзе працягвацца гандаль.
Вызваленне трох палітвязняў – гэта ўжо відавочны крок насустрач Амерыцы.
І я думаю, што Лукашэнка будзе ўсё рабіць для таго, каб зняць санкцыі з калійных накірункаў, з «Белавія» і г.д., таму што гэта агромністыя страты для Лукашэнкі. Я думаю, за грошы ён гатовы і выпускаць палітвязняў, і яшчэ штосьці рабіць. У пэўным сэнсе прапагандыстам пашанцавала, яны атрымалі проста падарунак. Як бы моцна яны тую Амерыку ненавідзелі, але менавіта з боку Амерыкі сёння яны атрымліваюць гэты падарунак.
Цалкам размову слухайце тут.
