БАЖ атрымаў прэмію Гюнтэра Вальрафа
Беларускую асацыяцыю журналістаў адзначылі за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова.

Барыс Гарэцкі трымае ў руках партрэт зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Фота: БАЖ
Цырымонія ўручэння прэміі Гюнтэра Вальрафа (Günter Wallraff Prize for Press Freedom and Human Rights) прайшла 9 траўня ў Кёльне. Узнагароду атрымаў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, які трымаў у руках партрэт зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай.
— Гэтая прэмія для нас — яшчэ адна важная магчымасць нагадаць пра 40 журналістаў і журналістак, якія сёння знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі за сваю прафесію. Патрабаванне вызваліць медыйшчыкаў павінна гучаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, бо гэтыя людзі проста ўзятыя ў закладнікі за сваю працу. У цэнтры Еўропы як мінімум 1200 палітзняволеных, сярод якіх 40 журналістаў, — гаворыць Барыс Гарэцкі.
Намеснік старшыні БАЖ нагадаў прысутным, што ўсе незалежныя медыі пад ціскам рэжыму з’ехалі з Беларусі. Лукашэнка, які больш за 30 гадоў не выпускае ўладу з рук, і ўсе гэтыя гады імкнецца знішчыць незалежныя медыі, цяпер — нават у выгнанні:
— Нягледзячы на той жах, які адбываецца цяпер — абсалютна ўсе незалежныя сайты ў Беларусі заблакаваныя, СМІ прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі (як Аль Каіда). Усе медыя. Нават нямецкія Die Tageszeitung і Дойчэ Вэле. Я — адзін з лідараў «экстрэмісцага фармавання».
Не зважаючы на рэпрэсіі, на фінансавы крызіс, незалежныя медыі даносяць да беларусаў унутры краіны праўдзівую інфармацыю.
— Улада робіць усё, каб заглушыць нашыя галасы прапагандай. Прапагандысты жадаюць захапіць розумы людзей. Для іх гэта важна. Бо ў адрозненне ад Расіі, большасць беларусаў супраць вайны, — адзначыў у сваім выступленні Барыс Гарэцкі. — Пакуль ёсць незалежныя медыі, беларусы могуць ведаць праўду пра вайну. Пра тое, што свет не такі, як яго малюе Пуцін. Аб палітвязнях. Аб правах чалавека. Гэта наша праца.

Барыс Гарэцкі (злева) і Марына Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай (другая злева) атрымліваюць прэмію Гюнтэра Вальрафа ў Кёльне. Фота: БАЖ
Пра прэмію
Прэмія Гюнтэра Вальрафа (Günter Wallraff Prize for Press Freedom and Human Rights) прысуджаецца ініцыятывай Initiative for News Enlightenment і паклікана прыцягнуць увагу да тэм і дыскурсаў, якія не знаходзяцца на паверхні міжнародных медыя. 82-гадовы Гюнтэр Вальраф — нямецкі журналіст і пісьменнік, адзін з заснавальнікаў журналісцкага расследавання ў сучасным выглядзе.
Сёлета пераможцамі прэміі названыя Беларуская асацыцяцыя журналістаў — за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова. А таксама палізняволеная Марыя Калеснікава — сімвалічная фігура, якая можа выступаць у якасці прадстаўніка многіх людзей, якія ахвяравалі сваёй свабодай і жыццём за свабодную і дэмакратычную Беларусь.
