БАЖ прыняў удзел у штогадовым сходзе IFEX — Міжнароднай асацыяцыі па абароне свабоды слова
Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў узялі ўдзел у штогадовым сходзе Міжнароднай асацыяцыі па абароне свабоды слова (IFEX), які адбыўся 27 чэрвеня. БАЖ уваходзіць у гэту аўтарытэтную міжнародную арганізацыю, якая стаіць на варце свабоды выказвання, з 2017 года.
Падчас мерапрыемства БАЖ распавёў пра сённяшняе надзвычайнае становішча, у якім апынуліся незалежныя журналісты і медыя ў Беларусі, звязанае з беспрэцэдэнтнай рэпрэсіўнай палітыкай беларускіх уладаў.
Кіраўніцтвам IFEX быў пачуты заклік, агучаны прадстаўніком БАЖ, да стварэння сталай платформы для міжнародных кампаніяў салідарнасці з сябрамі IFEX у нядолі на базе міжнароднай сеткі з больш як 119 арганізацыямі з усяго свету.
“…Калі мы бачым вялікую глабальную карціну, часам цяжка зразумець, як мы можам змяніць сітуацыю да лепшага. Аднак мы не можам дазволіць гэтаму пачуццю паралізаваць нас. Нам трэба засяроджвацца на важнай працы, якую мы ўсе робім…, бо яна, без сумніву, нясе змены да лепшага,” — падкрэсліла выканаўчая дырэктарка IFEX Ані Гейм падчас сустрэчы.