БелаПАН стаў генэральным партнэрам #БНР100
У «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка зьявіўся першы генэральны партнэр. Ім стала беларускае незалежнае інфамагенцтва БелаПАН, паведамляецца на сайце кампаніі па сьвяткаваньні 100 год БНР.
Сума фінансавай падтрымкі не агучваецца. Паводле інфармацыі на старонцы краўдфандынгу #БНР100, ахвяраваньне сумы 10 000 рублёў і больш дае статус генэральнага спонсара.
Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік БелаПАН Алесь Ліпай, інфармацыйнае агенцтва падтрымала сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР, каб ушанаваць памяць тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі.
«Абвяшчэньне БНР — гэта ж адна з найважнейшых датаў у беларускай гісторыі, адзін з наймацнейшых камянёў у падмурку незалежнасьці нашай краіны. Далучыць да гэтага сьвяткаваньня як мага больш людзей, пераўтварыць Дзень Волі ў агульнанацыянальнае сьвята — гэта ня проста даніна памяці ўсім тым, хто змагаўся за нашую свабоду, але і гарантыя нашага сувэрэнітэту на будучыню. Для інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якая зьяўляецца равесьніцай Рэспублікі Беларусь, незалежнасьць нашай краіны заўсёды будзе найбольшай каштоўнасьцю дзеля якой варта жыць і працаваць», — патлумачыў Алесь Ліпай.
Арганізацыю сьвяточных мерапрыемстваў да стагодзьдзя БНР падтрымалі таксама кампаніі «Цесьляры» і Svaje.by, гульнявая прастора «Quvalda» і сувэнірная крама «Мой модны кут». Памер спонсарскіх ахвяраваньняў склаў ад 1000 да 5000 рублёў.
Найбольш на сьвяткаваньне 100 год БНР ахвяравалі айцішнікі
Сярод прыватных ахвяраваньняў найбольш вылучыліся IT-прадпрымальнікі, паведаміў Свабодзе адзін з арганізатараў краўдфандынгу блогер Эдуард Пальчыс. Менчук Уладзіслаў Чачоткін ахвяраваў на сьвяткаваньне 100 год БНР 2500 рублёў. Свой удзел у краўдфандынгу айцішнік патлумачыў прыналежнасьцю да Беларусі і жаданьнем удзельнічаць у жыцьці грамадзтва. Прыклад Чачоткіна натхніў іншага айцішніка Барыса Яўсеенку. Ён ахвяраваў 2555 рублёў, на дадзены момант гэта найбольшая прыватна сума ўдзелу ў краўдфандынгу.
Айцішнік Міхась Бутылін падтрымаў выраб памятнай дошкі, якую ўсталююць на будынку Валадарскага 9, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР. Унёсак Бутыліна — 1000 рублёў, гэта найбольшая сума, якую ахвяравалі на дошку да 100-годзьдзя БНР.
2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 80% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаній.