«Беларусь‑3» не пакажа выступу кандыдата, які агітаваў за легалізацыю марыхуаны
Тэлеканал «Беларусь 3» не будзе паказваць перадвыбарны выступ кандыдата ў дэпутаты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Паўла Стэфановіча, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 16 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яе слоў, у Цэнтральную камісію выступ Стэфановіча прывезлі на экспертызу. «На жаль, вы не зможаце яго ўбачыць, таму што яго нельга пусціць у эфір. Парушае ён не выбарчае заканадаўства, а закон, які супрацьдзейнічае гандлю наркотыкамі, бо ўвесь выступ кандыдат заклікае да легалізацыі марыхуаны», — сказала Ярмошына.
«Відавочна, у АГП няма іншых праблем. У самым канцы выступу кандыдат дастае праграму партыі «Мільён новых працоўных месцаў», і адразу ж становіцца зразумелым, дзе партыя будзе знаходзіць працоўныя месцы. Гэта забаўны выпадак», — лічыць яна.
