Беларусь не выконвае ніводную рэкамендацыю ААН — даклад БАЖ і Free Press Unlimited
У лістападзе 2025 года Працоўная група УПА ААН чацвёрты раз разгледзіць сітуацыю са свабодай выказвання меркавання ў Беларусі. Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з арганізацыяй Free Press Unlimited падрыхтавалі адпаведны даклад.

Пасля фактычнай забароны незалежным медыям працаваць у Беларусі сітуацыя са свабодай слова толькі пагаршаецца. Фота: unsplash
У лістападзе 2025 года Працоўная група па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА) на чарговай сесіі разгледзіць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Сесія падсумуе, як афіцыйны Мінск выконваў рэкамендацыі, дадзеныя яшчэ ўвосень 2020 года ў сферы правоў чалавека.
Рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, насамрэч не выконваюцца
— Тады на адрас Беларусі паступілі 266 рэкамендацый, якія сфармулявалі краіны-ўдзельніцы ААН. З 266 рэкамендацый Беларусь прыняла каля паловы, прычым прыняла як ужо выкананыя (то-бок, беларускі ўрад заяўляе, што гэтыя рэкамендацыі выкананыя), — тлумачыць юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка. — Рэкамендацыі агульнага характару (кшталту забяспечыць свабоду выказвання меркаванняў) Беларусь лічыць выкананымі: у Канстытуцыі прапісана свабода слова, значыць, на думку палітычнага рэжыма, рэкамендацыя выкананая.

Яўген Пыльчанка. Фота: з сайта defendersbelarus.org
Агульнапалітычныя рэкамендацыі — вызваліць палітзняволеных і спыніць рэпрэсіі — беларускі рэжым не прыняў увогуле, бо адмаўляе сам факт ажыццяўлення рэпрэсій.
— Рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, насамрэч не выконваюцца, — канстатаваў Яўген Пыльчанка.
Беларусь ужо тройчы станавілася аб’ектам разгляду УПА ААН: у 2010, 2015 і 2020 гадах. На восеньскай сесіі будзе разглядацца Нацыяльны даклад (афіцыйны Мінск адкажа, як выконвае рэкамендацыі і падасць даклад пра стан з правамі чалавека ў краіне). Офіс вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН на падставе інфармацыі розных структур і працэдур ААН падасць свой даклад. Трэці даклад таксама рыхтуе офіс Вярхоўнага камісара на падставе інфармацыі ад розных «зацікаўленых бакоў» (праваабарончыя арганізацыі, НДА і г.д.). То-бок, трэці даклад — гэта сціслы пераказ інфармацыі, якую ў працоўную групу па УПА накіравалі розныя зацікаўленыя бакі.
БАЖ паўдзельнічаў у працы над кааліцыйным дакладам. У дадатак да яго БАЖ разам з FPU таксама падаў сумесны даклад, які тычыцца толькі сферы свабоды выказвання меркавання і свабоды інфармацыі / медыясвабод.
— Мы прааналізавалі тыя рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, і прыйшлі да высновы: ніводная рэкамендацыя не выконваецца. Правы ў сферы свабоды выказвання меркавання не выконваюцца: і заканадаўства, і практыка супярэчаць міжнародным стандартам свабоды слова, — адзначыў Яўген Пыльчанка.
Аўтары даклада не ставілі перад сабой задачу ацаніць ступень «закручвання гаек»:
— Пасля фактычнай забароны незалежным медыям працаваць у Беларусі сітуацыя са свабодай слова толькі пагаршаецца, — рэзюмаваў юрыст.
БАЖ і Free Press Unlimited рэкамендуюць
У дакладзе сфармуляваныя рэкамендацыі, якія могуць быць накіраваныя Беларусі па выніках чацвёртага цыклу УПА на сесіі, якая адбудзецца ў лістападзе 2025 года.
a. Вызваліць усіх журналістаў і работнікаў медыя, зняволеных за працу ў медыясектары і рэалізацыю права на свабоду выказвання меркавання.
b. Спрыяць плюралістычнаму і незалежнаму медыяасяроддзю праз спыненне запалохвання і пераследу журналістаў як унутры краіны, так і за яе межамі, у тым ліку спыніўшы ператрусы, канфіскацыю маёмасці і адвольныя затрыманні.
c. Скасаваць «экстрэмісцкі» статус, нададзены незалежным медыя і недзяржаўным арганізацыям.
d. Спыніць празмернае выкарыстанне «экстрэмісцкага» статусу як сродку прымусіць замаўчаць крытычныя галасы і забяспечыць празрыстасць працэдуры надання такога статусу, а таксама гарантаваць, што гэтая працэдура адпавядае прынцыпам належнай прававой працэдуры, уключаючы стварэнне механізму абскарджання рашэнняў.
e. Рэфармаваць прававую сістэму для прывядзення яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў сферах свабоды прэсы, свабоды мірных сходаў, а таксама права на абарону ад катаванняў і жорсткага абыходжання. Гэта павінна ўключаць, сярод іншага, скасаванне паўнамоцтваў Міністэрства інфармацыі спыняць дзейнасць СМІ, адмену патрабавання акрэдытацыі для журналістаў і зняцце забароны на асвятленне масавых мерапрыемстваў у прамым эфіры.
f. Скасаваць абмежаванні доступу да інтэрнэту і лічбавую цэнзуру, уключаючы пазасудовую блакіроўку сайтаў, адключэнне інтэрнэту і прымусовую канфіскацыю даменных імёнаў па рашэнні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце.
g. Унесці наступныя змены ў Крымінальны кодэкс:
- дэкрыміналізаваць дыфамацыю (артыкулы 188, 367, 368, 369, 369–1, 391, 444);
- дэкрыміналізаваць удзел у мірных масавых мерапрыемствах (артыкул 342);
- змяніць артыкул 411, каб гарантаваць, што турэмныя тэрміны не будуць адвольна падаўжацца.
h. Унесці змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб гарантаваць, што штрафы і адміністрацыйныя арышты не будуць ўжываюцца да асоб, якія ажыццяўляюць сваё права на свабоду выказвання меркавання і свабоду сходаў.
i. Расследаваць і прыцягнуць да адказнасці за ўсе выпадкі гвалту і пераследу, у тым ліку тыя, што адбываюцца ў месцах утрымання пад вартай і ў дачыненні да журналістаў у выгнанні.
j. Аднавіць узаемадзеянне з сістэмай ААН у сферы правоў чалавека, прыняць меры па спыненні адвольных затрыманняў і забеспячэнні права на свабоду выказвання меркавання, свабоду мірных сходаў і свабоду аб’яднанняў, а таксама забяспечыць адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека.
k. Дазволіць праваабарончым арганізацыям і структурам грамадскага кантролю ажыццяўляць маніторынг стану свабоды прэсы ў Беларусі.
Даведка
Універсальны перыядычны агляд (УПА) — гэта ўнікальны механізм Савета па правах чалавека, які заклікае ўсе дзяржавы—члены ААН кожныя чатыры з паловай гады праходзіць экспертную ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека. Універсальны перыядычны агляд дае кожнай дзяржаве рэгулярную магчымасць:
- паведамляць аб мерах, прынятых для паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў гэтых краінах і для вырашэння праблем, якія перашкаджаюць ажыццяўленню правоў чалавека; а таксама
- у мэтах пастаяннага ўдасканалення атрымліваць рэкамендацыі ад дзяржаў-удзельніц ААН на падставе экспертных меркаванняў мноства зацікаўленых бакоў і даных перадсесійных дакладаў.
УПА заснаваны ў сакавіку 2006 года рэзалюцыяй 60/251 Генеральнай Асамблеі ААН.
Ад першага перыядычнага агляду ў 2008 годзе кожная са 193 дзяржаў-удзельніц ААН прайшла агляд тройчы. Чацвёрты цыкл агляду пачаўся ў лістападзе 2022 года на 41-ай сесіі Працоўнай групы па УПА.
