• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуская журналістка пераехала ў Польшчу і пайшла ратаваць ментальны стан у трэнажорку

    Мілане Харытонавай 38 гадоў. Пасля вымушанага пераезду з Беларусі ў Польшчу ментальны стан журналісткі пагоршыўся. Тады, каб адцягнуць увагу ад праблем, беларуска занялася спортам — і ўцягнулася. Сёння Мілана робіць стойку на руках, гартуецца ў палонцы і кажа, што спорт літаральна выратаваў яе. Пра тое, як цела стала апорай і чаму важна вяртаць кантроль над сабой хаця б праз рух, Мілана расказала MOST.

    Беларуская журналістка Мілана Харытонава

    Мілана Харытонава з дачкой Камілай Ляўчук. Фота з яе асабістага архіва

    «Сіл хапала, толькі каб глядзець у столь»

    У Беларусі Мілана вяла размераны лад жыцця з перыядычнымі фізічнымі актыўнасцямі: выходзіла на шпацыр, наведвала басейн, ездзіла на ровары. Але пасля вымушанага пераезду ў Польшчу жанчына сутыкнулася з моцным прафесійным выгараннем. Псіхалагічную напружанасць узмацнялі і перажыванні, звязаныя з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.

    — У вольны ад працы дзень сіл хапала толькі на тое, каб глядзець у столь. Не хацелася нічога, — прызнаецца беларуска. — Так я дайшла да адчайнага стану — такога, у якім цяжка нават проста функцыянаваць. І вырашыла, што далей так нельга — трэба дадаць рэгулярную актыўнасць, каб уратаваць сваё псіхічнае здароўе. З навуковага пункту гледжання гэта павінна было спрацаваць.

    «Спадабаўся гэты эксперымент на людзях»

    Мілана спыніла выбар на трэнажорнай зале. Але прызнаецца: пэўны час вагалася. Думала, што абавязкова трэба штосьці ўмець, выглядаць пэўным чынам і адпавядаць нейкім стандартам. Да таго ж, гледзячы на сваю дачку — стрытліфцерку Камілу Ляўчук — і іншых спартоўцаў, часта пытала сябе:

    — Яны трэніруюцца для спаборніцтваў, а я дзеля чаго? Проста каб не здурэць і не паехаць дахам?

    Мілана Харытонава
    Мілана Харытонава з дачкой Камілай Ляўчук. Фота з яе асабістага архіва

    Усё ж Мілана запісалася на групавыя трэніроўкі ў залу, дзе займаецца яе дачка. Яна ведала мясцовых трэнераў і давярала ім. Ад сябе беларуска шмат не патрабавала. Проста ўсталявала выпрабавальны тэрмін — адзін месяц, — каб адсачыць, як рэгулярная фізічная актыўнасць будзе ўплываць на яе псіхічны і эмацыйны стан.

    — Атрымалася так, што мне спадабаўся гэты эксперымент на людзях, скажам так, — смяецца Мілана.

    Пры гэтым беларуска адзначае, што найцяжэйшым у гэтай справе аказалася змаганне з уласным перфекцыянізмам — рысай, што ўкаранілася за гады жыцця ў Беларусі.

    — Мы там усе трошкі параненыя, — дзеліцца меркаваннем спартоўка. — Трэба было змагацца з перфекцыянізмам: не сорамна не ўмець, нічога страшнага, калі штосьці не атрымліваецца добра, ніхто не будзе за гэта сварыцца. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб гэта пераварыць. І зараз магу сказаць, што спорт мяне навучыў падыходзіць так і ў жыцці: часам, калі няма настрою, лепей зрабіць хоць неяк, чым увогуле ніяк не зрабіць.

    «Забыцца, што гэта існуе»

    Спачатку Мілана наведвала трэнажорную залу двойчы на тыдзень. З часам яна паступова павялічвала нагрузкі, і зараз яе тыдзень выглядае так: тры-чатыры трэніроўкі ў зале і адно-два наведванні басейна.

    Амаль за год беларуска добра навучылася сумяшчаць спорт з працай і бытам.

    — Пасля цяжкага працоўнага дня з навінамі (а якія ў нас навіны зараз у свеце, ясна) пайсці на трэнінг, выдыхнуць і забыцца, што гэта існуе, — проста цудоўна,  — кажа беларуска. — У жыцці ў мяне ўжо няма перфекцыянізму, і калі ў мяне дома не будзе блішчэць ідэальна памытае акно, а на вячэру будзе не тры стравы, а замарожаная гародніна з «Бядронкі» (польская гандлёвая сетка. — Заўв. MOST) — нічога страшнага. Дзеля трэніровак я гатовая гэтым ахвяраваць.

    «Захадзі нагамі на сцяну»

    Адна са спартовых мэт беларускі на бягучы момант — навучыцца стаяць на руках да гары нагамі без апоры. Хаця яшчэ нядаўна яна баялася зрабіць гэта нават з падтрымкай.

    — На першым трэнінгу трэнер мне сказаў: «Давай, захадзі нагамі на сцяну». А я падумала: «Божа! Куды? Я?» Паглядзела, як іншыя гэта робяць, і [ўпэўнілася], што ніколі гэтага не зраблю: яно падавалася чымсьці нерэальным.

    Але паступова маленькімі крокамі Мілана ўсё ж пераадолела страх і авалодала тэхнікай. Зараз стаянне на руках — любімы элемент беларускі.

    — Гэтае вельмі весела. Прыкольна. І да таго ж добра ўплывае на псіхіку, таму што ў гэты момант ты не думаеш ні пра што: трэба кантраляваць раўнавагу, — адзначае яна.

    «Адчуваецца як лёгкая паніка»

    Маржаваннем Мілана пачала займацца праз некалькі месяцаў рэгулярных трэніровак. Да гэтага яе дачка ўжо два сезоны запар загартоўвалася ў прахалоднай вадзе — і менавіта яе прыклад натхніў беларуску далучыцца. Спачатку было боязна, але цікавасць і жаданне выйсці з зоны камфорту ўзялі верх.

    — Бачыла таксама, як іншыя атрымліваюць ад гэтага задавальненне, — кажа жанчына. — Апынулася, гэта файна для рэгенерацыі і для псіхікі, таму што, калі трапляеш у ледзяную ваду — стан стрэсавы для арганізма, — адчуваецца як лёгкая паніка. І вельмі файна там павучыцца панаваць над сабой, бо трэба вельмі хутка прывесці дыханне ў нармальны стан і кантраляваць сваё цела. Гэта файная цялесная практыка.

    Мілана Харытонава
    Мілана Харытонава з дачкой Камілай Ляўчук. Фота: MOST

    «Дачка мне як мама»

    Мілана не абдзеленая падтрымкай з боку блізкіх — нават нягледзячы на тое, што не ўсе падзяляюць яе захапленне і не да канца разумеюць матывацыю.

    — Муж, напрыклад, сам такім не займаецца. Ён гуляе з хлопцамі ў футбол, і ў іх адваротная філасофія: мы не трэніруемся, мы толькі гуляем. Мне здаецца, на яго думку, трэніроўкі — гэта штосьці нуднае, а гульня — гэта клас. Ён, можа, не да канца разумее маю матывацыю, але кожны раз падтрымлівае, — дзеліцца Мілана.

    А вось дачка, як прафесійная спартоўка, маці не толькі падтрымала, але і стала для яе своеасаблівым матыватарам і настаўніцай.

    — У некаторыя моманты я адчувала, што яна мне як мама, — усміхаецца беларуска. — Яна мяне на першы трэнінг прывяла, усё паказала, дапамагла, зрабіла мне фотачкі.

    Мілана дадае, што менавіта прысутнасць дачкі побач часта прымушае яе прыкладаць больш намаганняў. Калі на трэніроўцы хочацца залайдачыць, зрабіць нешта не да канца, яна кожны раз пераконвае сябе працаваць на поўную сілу, каб не падвесці дачку.

    — Нібы яна прыйдзе, а трэнер ёй скажа: «А вось твая не вельмі сёння займалася», — смяецца жанчына.

    «Трэба бегчы, каб выпліснуць энергію»

    Спортам Мілана займаецца не дзеля змагання за вынікі, а для душы. Але часам кідае сабе выклік і бярэ ўдзел у чэленджах. Так, перад Новым годам беларуска зрабіла 2025 паўтарэнняў розных практыкаванняў.

    — Раней гэта была для мяне касмічная лічба, а цяпер я дакладна ведаю, што магу. Сёлета зраблю 2026, — распавядае яна.

    Нядаўна ў графіку Міланы з’явілася яшчэ адна актыўнасць — лёгкія бегавыя трэніроўкі. Так жанчына рыхтуецца да ўдзелу ў забегу восенню гэтага года. Яна збіраецца прабегчы пяць кіламетраў.

    — У мяне ніколі не было жадання бегаць. Нават думак такіх не было. Каб мне год таму нехта сказаў, што я буду рыхтавацца да забегу, я б падумала, што чалавек звар’яцеў, — кажа яна. — Але дзякуючы трэніроўкам узровень вынослівасці падняўся, і ўжо цяпер, каб добра заснуць, звычайнай прагулянкі мне не хапае. Трэбе бегчы, каб выпліснуць энергію. Таму наступная мэта — паўдзельнічаць у забегу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці