«Гэта абсалютна іншы свет!» Гутарка з беларускім журналістам, які працуе ў Бразіліі
Twitter толькі праз ВПН, зіма ў ліпені і пастаяннае дбанне пра ўласную бяспеку на вуліцах — БАЖ пагутарыла з беларускім журналістам, што ўжо з паўгады жыве і працуе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Графіці ў Бразіліі. Фота: з архіва суразмоўцы
«Многія папросту адмаўляюць іншаземцам у працаўладкаванні»
Максім (імя змененае ў мэтах бяспекі) у разгар рэпрэсій з’ехаў з Беларусі ва Украіну. Ён працаваў спартыўным журналістам у «Трыбуне», але неўзабаве атрымаў прапанову працы ад украінскага хакейнага клуба. Хлопец адзначае, што не лічыць гэтую працу зыходам з прафесіі:
— У клубе я займаўся медыя цалкам: сувязь са СМІ, сацыяльныя сеткі, YouTube. Вялікай розніцы са звычайнай журналістыкай няма — у «Трыбуне» я пісаў агулам пра спорт: і пра хакей, і пра футбол, і пра ўсё астатняе. А тут ужо больш дэтальна, пра дзейнасць канкрэтнай арганізацыі, але па форме засталося ўсё тое ж: і тэксты, і інтэрв’ю.
У той жа час вялікай праблемай было само працаўладкаванне ва Украіне.
— Нам як замежнікам па заканадаўстве трэба было ставіць вялікія заробкі, адпаведна большыя падаткі. Таксама патрабавалася пэўная колькасць дакументаў, сярод якіх, напрыклад, даведка пра адсутнасць судзімасці, а яе ніяк не атрымаеш без вяртання ў Беларусь. Таму, каб аформіць усё афіцыйна, трэба было зрабіць шмат высілкаў. Мне вельмі пашанцавала з працадаўцам, што ён вырашыў займацца гэтым пытаннем і шукаць шляхі. Многія папросту адмаўляюць.

Наступствы расійскіх атак. Адэса, 2024. Фота: з архіва суразмоўцы
Адной з праблем працы ва Украіне Максім называе непасрэдна атрыманне заробку: з пачаткам поўнамаштабнай вайны там заблакавалі банкаўскія рахункі ўсім беларусам. Таму даводзілася асобна прадумваць схему з працадаўцам, каб атрымліваць грошы гатоўкай.
Новая праца журналіста месцілася ў Адэсе, куды ён і пераехаў з Кіева.
— Я жыў каля мора, пастаянна там нешта лётала і заўсёды было чуваць выбухі, працу СПА. Да таго ж у сакавіку быў прылёт у Палац спорту. Гэта адбылося акурат вечарам, калі там трэніроўкі праходзілі. Таму, канешне, у Адэсе небяспека адчувалася значна болей, чым у Кіеве.
«Варта датрымлівацца пэўных правілаў бяспекі»
Але, прызнаецца хлопец, ва Украіне турбавала і нестабільнасць. На фоне вайны ўвесь спорт, і ў прыватнасці хакей, знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане. Таму Максім паралельна вёў пошукі новай працы.
— Мне пашанцавала са знаёмымі, якія працуюць таксама ў медыя ў спартыўнай галіне. Раптоўна мне прапанавалі месца ў Рыа. Я нейкі час паразважаў, а потым вырашыў, што трэба згаджацца.

Бразільскія краявіды. Фота: з архіва суразмоўцы
Максім адзначае, што абавязкі для яго звыклыя: напісанне артыкулаў, вядзенне сацсетак, але толькі ў іншым рэгіёне. А вось жыццё ў Паўднёвай Амерыцы, прызнаецца суразмоўца, сапраўды вельмі моцна адрозніваецца.
— Тут усё незвычайнае! Мне даводзіцца працаваць не толькі ў Рыа, але і па ўсім штаце, а таксама і ў іншых — у тым жа Сан-Паўлу. Цікава, што ў кожным штаце сваё жыццё — розныя людзі, розныя паводзіны. Тут усё вельмі страката. Нават сезоны абсалютна іншыя: напрыклад, у нас толькі скончылася зіма, а лета пачнецца праз некалькі месяцаў.
Пры тым хлопец адзначае, што зіма ў Бразіліі ўмоўная: на тэрмометры ўдзень +30, а ночы «халодны» — каля +15. Таксама беларус звярнуў увагу і на культуру працы бразільцаў:
— Яна вельмі адрозніваецца: мясцовыя ўсё робяць дольш па часе.
Калі нейкая задача ў нас займае два дні, то тут яе могуць рабіць тыдзень. На расслабоне. Нядзеля — заўсёды дзень з сям’ёй, футбол паглядзець, піва выпіць. Таксама па вечарах ніякіх працоўных задач:час з сябрамі, з сям’ёй, на адпачынак. У той жа спартыўнай залі, калі я дзве гадзіны трэніруюся, то бразільцы з гэтага часу гадзіну проста трындзяць.
І так пастаянна. Але гэта пра штат Рыа. Вось у Сан-Паўла значна больш дынамічны рытм жыцця і працы.

Тыповы бразільскі квартал. Фота: з архіва суразмоўцы
У той жа час многія кажуць пра тое, што тут вельмі небяспечна, бо тут вельмі высокая злачыннасць, працуюць банды, часам адбываюцца перастрэлкі, вельмі шмат парабаванняў. Сам я не сутыкаўся з такім. Але гэта ёсць, варта датрымлівацца пэўных правілаў бяспекі. Напрыклад, не хадзіць з тэлефонам ці гаманцом у руках па вуліцах, абмінаць небяспечныя раёны. Калі хочаш паздымаць, то робіш здымкі, а потым адразу хаваеш камеру. Але, калі пра гэта не думаць, адчуваеш сябе добра. Бо агулам атмасфера ў Бразіліі досыць простая і лёгкая.
«Калі кажаш нешта пра Беларусь, бразільцы мала разумеюць, дзе гэта і што гэта»
Працоўная мова Максіма — англійская. Але, як кажа хлопец, яе абсалютна недастаткова, каб паўнавартасна камунікаваць з мясцовымі:
— Людзі тут размаўляюць па-партугальску, многія ведаюць гішпанскую. А вось англійскай практычна няма. Я б сказаў, што адсоткаў 80 яе зусім не ведае, вельмі цяжка знайсці на вуліцы чалавека, які цябе зразумее. Толькі ў турыстычных месцах.
Даводзіцца выкарыстоўваць мову жэстаў, карыстацца перакладчыкам. Таксама часам можна сустрэць бразільцаў, што жылі ці вучыліся на постсавецкай прасторы, яны ведаюць рускую мову.

Бразільскія гарадскія раёны. Фота: з архіва суразмоўцы
Калі кажаш нешта пра Беларусь, бразільцы мала разумеюць, дзе гэта і што гэта.
— Аднойчы мне нешта казаў хлопец у чарзе ў краме, я патлумачыў, што не разумею па-партугальску і, перайшоўшы на англійскую, сказаў, што я з Беларусі, на што ён адказаў: «О, Лукашэнка…» Гэта адзіны момант быў рэакцыі, а так у асноўным нічога не ведаюць. Адсюль да нас недзе 12 тысяч кіламетраў — гэта абсалютна іншы свет!
Але вось калі гаворка пра Украіну, то значна больш людзей ведаюць. Бо тэма вайны тут даволі шырока асвятлялася, да таго ж шмат бразільцаў і ва Украіне жылі, і ў Расіі, у спартыўнай сферы сувязяў шмат. Таму гэтую тэму тут ведаюць, ёсць больш глыбокае разуменне.
Максім прызнаецца, што падтрымліваць сувязь з радзімай даволі цяжка: у Бразіліі няма беларускай дыяспары, сустрэць можна хіба што турыстаў.
— Нават калі я глядзеў мапу BY_MAPKA з паслугамі беларусаў у розных краінах — тут нічога няма. Нават у суседняй Аргенціне нешта маецца — наколькі я чуў, там беларусаў паболей. А тут вельмі мала.
«Twitter не працуе праз канфлікт між прэзідэнтам Бразіліі і Іланам Маскам»
Таксама ў Бразіліі маюцца і свае асаблівасці з сацыяльнымі сеткамі:
— Twitter я не карыстаюся, бо ён не працуе — усміхаецца Максім, — бо быў канфлікт між прэзідэнтам Бразіліі і Іланам Маскам. Пасля гэтага заблакавалі Twitter. Я спрабаваў праз ВПН зайсці. Але, па-першае, тут былі размовы пра тое, што ўлады будуць нейкім чынам гэта адсочваць ды караць, а па-другое, той ВПН такі не зручны, што я заходзіў адзін раз толькі ў Твітар за ўвесь час тут.
З легалізацыяй жа ў Бразіліі значна прасцей, чым ва Украіне, распавядае журналіст. Ён жыве па турыстычнай візе:
— Па ёй даецца даволі шмат дзён, але нават калі застанешся даўжэй, то пры выездзе трэба будзе толькі штраф заплаціць і ўсё. Бразілія падобна ў гэтым плане да ЗША: краіна імігрантаў, таму тут даволі простыя міграцыйныя працэдуры. Да таго ж тут агулам даволі прыязнае стаўленне да турыстаў, замежнікаў, усе гатовыя дапамагчы.

У бразільскай краме. Фота: з архіва суразмоўцы
Застаецца праблема з банкаўскім рахункам: я спрабаваў напрацягу месяца яго адкрыць. Супрацоўнікі банку таксама ішлі насустрач, але ў выніку сказалі, што не атрымаецца, бо патрэбны хоць нейкі від легалізацыі. Можа, нейкаму ўмоўнаму амерыканцу было б прасцей, але для беларусаў — магчымасці завесці картку няма.
Але ж афармляць від на жыхарства ў Бразіліі Максім не збіраецца:
— Для мяне гэта перыяд папрацаваць, павандраваць, паглядзець іншы свет. Сюды дабірацца дорага і доўга, а праца дае магчымасць пазнаёміцца з краінай бліжэй. Але заставацца ў Бразіліі назусім я не планую.
