Беларускія журналісты ў Парыжы: сустрэчы, абмен вопытам і акцыя салідарнасці
Напрыканцы кастрычніка дэлегацыя беларускіх журналістаў наведала Парыж. У межах працоўнага візіту адбыліся сустрэчы з рэдакцыямі вядучых французскіх медыя. А таксама былі арганізаваныя акцыі салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных журналістаў, якія зараз знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Беларускія журналісты разам з калегай з Agence France-Presse. Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
Нэтворкінг — магчымасць для беларускіх медыя быць бачнымі для свету
Важнай часткай паездкі стала знаёмства з досведам вядучых французскіх медыя — ад сусветных інфармагенцтваў да нацыянальных радыёстанцый і газет, якія фармуюць стандарты журналістыкі і ўплываюць на міжнародны парадак дня.
Першым пунктам стала Agence France-Presse (AFP) — адна з найстарэйшых і найбуйнейшых інфармацыйных агенцый свету, якая штодня выпускае больш за дзве тысячы навін на розных мовах і мае сотні карэспандэнтаў у дзясятках краін. Беларускія журналісты змаглі паглядзець, як працуе рэдакцыйны цыкл у рэжыме 24/7, як арганізавана сістэма праверкі фактаў і як міжнародныя рэдакцыі падтрымліваюць аб’ектыўнасць і хуткасць у асвятленні падзей.
Не менш важнай была сустрэча з Reporters sans frontières (RSF) — арганізацыяй, якая больш за 35 гадоў абараняе свабоду прэсы і журналістаў ва ўсім свеце. Менавіта RSF штогод складае рэйтынг краін з найгоршай сітуацыяй са свабодай слова. Падчас размовы абмяркоўваліся рызыкі працы ў выгнанні, асабісты ціск на журналістаў і іх сем’і, неабходнасць ананімнасці і псіхалагічныя выклікі прафесіі.
Французскія калегі падзяліліся практыкамі юрыдычнай і фінансавай падтрымкі для медыя ў выгнанні, што асабліва актуальна для беларускіх рэдакцый, якія сёння існуюць выключна дзякуючы донарскім праграмам і міжнароднай салідарнасці.

Стэнд у офісе Reporters sans frontières (RSF). Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі візіту надалі Radio France Internationale (RFI) — міжнароднай радыёстанцыі, якая вяшчае больш чым у 150 краінах свету на дзясятках моў. Тут журналісты абмяркоўвалі, як захоўваць якасць эфіру ў шматмоўным асяроддзі, як адаптаваць навіны да розных культурных кантэкстаў і як будаваць камунікацыю з аўдыторыяй, што жыве пад ціскам прапаганды.
У Radio France — галоўным дзяржаўным грамадскім радыёканцэрне краіны — беларусы пазнаёміліся з мадэллю мультымедыйнага вяшчання і міжрэгіянальнай каардынацыі. Гэта не толькі радыё, але і вялікая экасістэма культурных і інфармацыйных праектаў, дзе традыцыйныя і лічбавыя фарматы існуюць разам.
Падчас сустрэчы вялося пра ролю грамадскага радыё ў дэмакратычных краінах і пра тое, як праз празрыстасць фінансавання і давер аўдыторыі падтрымліваецца высокая планка прафесіі.

Рэдакцыя Radio France Internationale. Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
Завяршыла візіт знаёмства з Le Monde — адной з самых уплывовых газет Еўропы, якая ўжо амаль 80 гадоў застаецца сімвалам аналітычнай і незалежнай журналістыкі. Французская рэдакцыя падзялілася досведам пераходу ад традыцыйнага друкаванага фармату да лічбавай мадэлі. Суразмоўцы распавялі, як не толькі захавалі аўдыторыю, але і павялічылі яе дзякуючы якаснай аналітыцы, расследаванням і сучасным візуальным фарматам.
Працоўныя сустрэчы дазволілі нашым журналістам не толькі паглыбіцца ў прафесійны досвед калег, але і пабачыць, як у розных краінах вырашаюцца падобныя выклікі: незалежнасць рэдакцый, адказнасць перад аўдыторыяй, фінансавая ўстойлівасць і бяспека журналістаў.

РэдакцыяAgence France-Presse. Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
Кібербяспека, лічбавая ананімізацыя і маральная падтрымка супрацоўнікаў
Падчас сустрэч з французскімі рэдакцыямі і арганізацыямі абмеркаванне выходзіла далёка за межы прафесійных тэхналогій.
Гаворка ішла пра выжыванне журналістыкі ў выгнанні, пра чалавечае вымярэнне прафесіі, калі праца становіцца не толькі спосабам самарэалізацыі, але і актам грамадзянскай мужнасці.
Журналісты распавядалі, як ствараюць рэдакцыі з нуля ў іншых краінах, часта без сталых офісаў і з рознымі прававымі статусамі. Абмяркоўваліся пытанні каардынацыі каманд, якія знаходзяцца ў розных гарадах і нават кантынентах, падтрымання рэдакцыйных стандартаў пры абмежаваных рэсурсах, а таксама захавання прафесійнай этыкі ва ўмовах, калі многія калегі за кратамі або пад пагрозай пераследу. Французскія партнёры цікавіліся, як беларуская медыясупольнасць захоўвае сваю прысутнасць і давер аўдыторыі, нягледзячы на ізаляцыю ад унутранага інфармацыйнага поля краіны.

Парыж, кастрычнік 2025. Фота: БАЖ
Асобнай тэмай стала абмеркаванне псіхалагічнага і фізічнага ціску, з якім сутыкаюцца беларускія журналісты і іх сем’і. Многія з іх вымушаныя працаваць ананімна, не называючы рэдакцый, у якіх яны занятыя. Французскія калегі дзяліліся практыкамі кібербяспекі, лічбавай ананімізацыі, абароны дадзеных і маральнай падтрымкі супрацоўнікаў. Для беларускіх удзельнікаў гэтая тэма стала асабліва блізкай, бо нават пасля пераезду пагроза пераследу з боку ўладаў не знікае.
Большасць незалежных беларускіх выданняў сёння прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта азначае, што нават просты чытач можа быць пакараны за падпіску ці каментар. У такіх умовах эканамічная незалежнасць немагчымая, таму большасць рэдакцый існуюць дзякуючы міжнародным грантам і праграмам падтрымкі. Падчас сустрэч ішла шчырая размова пра тое, як збалансаваць залежнасць ад донарскіх сродкаў і захоўваць прафесійную аўтаномію, як будаваць доўгатэрміновую фінансавую ўстойлівасць у выгнанні.
Беларускія журналісты атрымалі магчымасць паглядзець, як у французскіх СМІ арганізавана праца з крыніцамі, як праводзіцца фактчэкінг, як фармуюцца міжнародныя партнёрствы і як выглядае структура рэдакцыі, што працуе з глабальнай аўдыторыяй. Асобна абмяркоўвалася роля журналістыкі як інстытута дэмакратыі і яе здольнасць супрацьстаяць прапагандзе — тэма, якая сёння аднолькава актуальная і для Францыі, і для Беларусі.

У офісе Reporters sans frontières (RSF). Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
Кульмінацыяй візіту стала супольная акцыя беларускай дэлегацыі і французскіх калег у падтрымку палітзняволеных журналістаў Беларусі. Гэта быў не толькі жэст падтрымкі, але і сімвал адзінства прафесіі, якая не мае межаў. Французскія журналісты падкрэслілі, што свабода слова — гэта агульная каштоўнасць, і абарона беларускіх калег з’яўляецца часткай агульнаеўрапейскай адказнасці.
Каментары журналістаў
«Мэта нашага візіту — пазнаёміцца з тым, як працуюць вялікія міжнародныя медыя, і прывезці гэты досвед у беларускі кантэкст, — тлумачыць галоўны рэдактар This Minsk Media Маргарыта Прохарчык. — Для нас гэта не проста прафесійная цікаўнасць, а магчымасць зразумець, як будаваць устойлівую рэдакцыю ў сітуацыі, калі амаль усё даводзіцца пачынаць наноў.
У Беларусі журналістыка цяпер літаральна пад забаронай, таму мы шукаем новыя мадэлі, як заставацца прафесійнымі, незалежнымі і пры гэтым захоўваць каманду, аўдыторыю і веру ў сэнс сваёй працы».

Галоўная рэдактарка This Minsk Media Маргарыта Прохарчык дае інтэрв’ю Radio France. Кастрычнік 2025 года. Фота: БАЖ
«Я імкнулася не толькі паглядзець на працэс працы французскіх медыя, але і даведацца, што французскія журналісты ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі.
Было важна ў чарговы раз падкрэсліць, у якіх умовах зараз працуюць нашыя журналісты, і як беларусы ўнутры краіны рызыкуюць, калі чытаюць незалежныя медыя.
Акрамя таго, мы ў чарговы раз нагадалі пра беларускіх палітзняволеных журналістаў, што вельмі важна зараз», — кажа Кацярына Кулакова, журналістка «Салідарнасці».
@bajmedia