«Бюро» вывучыла тэндарную дакументацыю «Белтэлерадыёкампаніі» і высветліла, што дзяржаўны медыяхолдынг штогод траціць мільёны беларускіх рублёў з бюджэту на распаўсюд прапагандысцкіх наратываў адразу на некалькіх кантынентах.
Мяркуючы па падпісаных кантрактах, «Белтэлерадыёкампанія» закупляе паслугі электрасувязі па спадарожнікавым распаўсюджанні тэлепраграмы «Беларусь 24» і радыёпраграмы «Беларусь» з 2022 года.
Напрыклад, у 2025 годзе тэлекампанія ўжо аплаціла трансляцыю сваёй прадукцыі:
- на ўсёй тэрыторыі Расійскай Федэрацыі;
- у Цэнтральнай (поўнае пакрыццё) і Заходняй Азіі (з абавязковым поўным пакрыццём Азербайджана, Арменіі ды Грузіі);
- у Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыццём Вялікабрытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Еўропе (з абавязковым поўным пакрыццём Сербіі);
- у Паўднёвай Амерыцы і Карыбскім басейне (поўнае пакрыццё);
- у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй (з абавязковым поўным або частковым пакрыццём Зімбабвэ) і Паўднёвай Афрыцы.
Як вынікае з тэхзаданняў «Белтэлерадыёкампаніі», кіраваць спадарожнікам могуць толькі пастаўшчыкі з краін, якія не ўключаныя ў спіс «недружалюбных» да Беларусі.
У 2025 годзе прарэжымны медыяхолдынг ужо заключыў кантракты больш як на 2 мільёны беларускіх рублёў (каля 550 тысяч еўра). Даражэй за ўсё каштуе вяшчанне на тэрыторыі Расіі – без малага 700 тысяч рублёў. Кошт ахопу Еўропы і Азіі сумарна – амаль 780 тысяч рублёў. Парадаваць беларускім прапагандысцкім кантэнтам гледачоў Паўднёвай Амерыкі, Карыбскага басейна і Афрыкі каштуе амаль 565 тысяч бюджэтных рублёў.
Згодна з дадзенымі сайта дзяржзакупак, з 2022 па 2025 гады «Белтэлерадыёкампанія» ўжо выдаткавала на гэтае трансляцыйнае вяшчанне амаль 8 мільёнаў беларускіх рублёў (без малога 2,5 мільёна еўра) з дзяржаўнага бюджэту.