Беларускія медыйшчыкі звярнуліся да інспектара па журналісцкай этыцы Літвы праз спрэчныя артыкулы ў літоўскай прэсе
Беларускія медыйшчыкі занепакоеныя некаторымі артыкуламі ў літоўскай прэсе, якія могуць справакаваць распальванне варожасці да беларусаў. У сувязі з гэтым па ініцыятыве Беларускай асацыяцыі журналістаў група журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя, якія вымушана працягваюць сёння працу з гэтай краіны Балтыі, звярнуліся да інспектара па журналісцкай этыцы Літвы з просьбай ацаніць адну з нядаўніх публікацый у літоўскай прэсе на прадмет наяўнасці ў ёй шэрагу парушэнняў заканадаўства ў галіне мовы варожасці.
Таксама прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных медыяў просяць звярнуць увагу літоўскіх сродкаў масавай інфармацыі на недапушчальнасць распальвання варожасці па нацыянальных і іншых прыкметах.
«Мы вельмі паважаем і цэнім літоўскіх калег за вялікую падтрымку і дапамогу беларускім журналістам і ўсім пацярпелым беларусам, рэалізоўваем шэраг выдатных ініцыятываў з нашымі літоўскімі калегамі, з Саюзам журналістаў Літвы.
Разам з тым апошнім часам у некаторых літоўскіх медыях пачалі з’яўляцца публікацыі, якія могуць справакаваць распальванне варажнечы да беларусаў. Нас, прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці, якія шмат гадоў бесперапынна пішуць пра жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку супраць нашых калег, гэта сапраўды турбуе.
Мы баімся, што такія несумленныя публікацыі, якія часам утрымліваюць дэзынфармацыю, могуць нанесці шкоду не толькі беларускаму, але і літоўскаму грамадству.
Менавіта таму мы вырашылі скарыстацца прававым механізмам рэгулявання дэмакратычнай дзяржавы і папрасіць інспектара па журналісцкай этыцы заклікаць аўтараў такіх публікацый выконваць прававыя нормы і не дапускаць распальвання варажнечы, што можа нанесці шкоду абодвум грамадствам», — гаворыць адзін з падпісантаў звароту, намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Публікацыя, якой тычыцца зварот да інспектара, выйшла на сайце і ў эфіры LRT — Літоўскага публічнага вяшчальніка. У ёй журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Ён не ўдакладняе, да якіх канкрэтна дзеянняў заклікае, але піша, што было б правільна, калі б у кожнай машыне з беларускімі нумарамі «адчулі на сабе, што мы думаем аб урадзе краіны, адкуль яны прыехалі».
Пад зваротам на адрас Інспектара па журналісцкай этыцы Літвы паставілі свае подпісы 17 журналістаў і рэдактараў беларускіх незалежных медыяў.
Беларускія журналісты спадзяюцца, што карыстанне прававым механізмам звароту да Інспектара па этыцы не выкліча негатыўнай рэакцыі з боку літоўскіх калег, а наадварот падкрэсліць неабходнасць дыялогу журналісцкіх супольнасцяў на падставе павагі да нацыянальных і міжнародных нормаў.