«Белсат» пашырае вяшчаньне па-расейску
Дырэктар Агнешка Рамашэўска-Гузы задаволеная тым, што пашыраецца інфармацыйная прапанова тэлеканалу.
Тэлебачаньне «Белсат» пашырае вяшчаньне на расейскай мове, паведамляе польскі партал wirtualnemedia.pl са спасылкай на дырэктара каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы. З панядзелку, 16-га красавіка, навіны ад BBC будуць трансьлявацца штодзённа ў рамках існуючай расейскамоўнай праграмы «Вот так».
Агнешка Рамашэўская-Гузы задаволеная тым, што пашыраецца інфармацыйная прапанова тэлеканалу. «BBC – гэта прыклад сумленнай, аб’ектыўнай і незалежнай журналістыкі, якая, як мне здаецца, знойдзе сваіх прыхільнікаў і ў Беларусі», – сказала дырэктар «Белсату».
Паводле Рамашэўскай-Гузы, журналісты BBC будуць прадстаўляць «Белсату» ад адной да максымальна трох інфармацый альбо сюжэтаў у дзень. Акрамя таго, прадбачыцца спалучэньне варшаўскай студыі Белсату з карэспандэнтам на месцы альбо студыяй BBC World у Лёндане.
Паўгадзінная праграма «Вот так» на расейскай мове стартавала ў эфіры Белсату летам 2017 году. Яна накіраваная перш за ўсё для жыхароў постсавецкай прасторы.
Інфармацыя BBC World на 39 мовах за пасярэдніцтвам тэлебачаньня, радыё й інтэрнэту штодзённа трапляе да 346 млн карыстальнікаў ва ўсім сьвеце.
Беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачаньне «Белсат» было заснаванае ў 2008 годзе. Тэлеканал фінансуецца са сродкаў ураду Польшчы (найбольшы працэнт), дзяржаўнага Польскага тэлебачаньня й замежных грантадаўцаў.