Белы дом запусціў навінавы сайт для пазітыўнага асвятлення дзейнасці Трампа
Сайт працуе на дзяржаўным дамене і змяшчае загалоўкі са СМІ, якія падтрымліваюць палітыку дзеючага прэзідэнта.

Фота: сайт Белага дому
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа запусціла навінавы сайт, які публікуе выключна пазітыўныя матэрыялы пра прэзідэнта на афіцыйных серверах Белага дома. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Выданне адзначае, што сайт White House Wire, размешчаны на дзяржаўным дамене WH.gov/wire, нагадвае праварадыкальны рэсурс Drudge Report, бо змяшчае спіс загалоўкаў з «правых» СМІ, якія спрыяльна асвятляюць дзейнасць адміністрацыі.
Сярод іншага, сайт White House Wire прасоўвае прэс-рэлізы Белага дома і публікацыі ў сацсетках высокапастаўленых чыноўнікаў.
Прадстаўнік Белага дома распавёў выданню Axios, што новы сайт — гэта «месца, дзе прыхільнікі праграмы прэзідэнта могуць атрымліваць спраўджаныя навіны», і назваў яго сайтам, які забяспечвае «празрыстасць».
«Папярэднія адміністрацыі часта рассылалі электронныя лісты з пазітыўнымі навінамі або інтэрв’ю з высокапастаўленымі чыноўнікамі, але гэта першы выпадак, калі дзяржаўныя рэсурсы былі выкарыстаны для стварэння вэб-сайта з палітычна прадузятымі матэрыяламі», — піша The Guardian.
Брытанскае выданне дадае, што запуск адміністрацыяй Трампа таго, што яна называе «стужкай навін», адбываецца на фоне яе спроб абмежаваць доступ незалежных інфармацыйных агенцтваў да Белага дома. Журналісты Associated Press дагэтуль не маюць доступу да мерапрыемстваў у Авальным кабінеце, хоць нядаўна суд абавязаў адміністрацыю прэзідэнта ЗША аднавіць іх акрэдытацыю.
The Guardian сцвярджае, што адміністрацыя Трампа спрабуе выцесніць традыцыйныя СМІ на карысць больш лаяльных. Так, прэс-сакратарка Белага дома Каралін Лівіт пасля сваіх звычайных брыфінгаў цяпер праводзіць асобныя сустрэчы выключна для прыхільных да Трампа «MAGA-інфлюэнсераў».
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) заклікала Кангрэс ЗША адхіліць любыя спробы адміністрацыі Дональда Трампа скараціць фінансаванне грамадскіх медыяў, выкарыстоўваючы дзяржаўныя сродкі для стварэння «палітычна прадузятай прапаганды».
Арганізацыя заявіла, што Трамп падпісаў загад аб скарачэнні фінансавання грамадскіх вяшчальнікаў NPR і PBS і на тым жа тыдні стварыў сайт White House Wire, «які выглядае як навінавае выданне, але публікуе толькі тэзісы Трампа ў рамках стратэгіі Белага дома па ігнараванні або замене прафесійнай журналістыкі».
