“Без пратаколаў і штрафаў не даюць і кроку ступіць”, — фрылансер Кастусь Жукоўскі
Шэсць адміністрацыйных пратаколаў з міліцыі атрымаў за апошні час па пошце журналіст-фрылансер з Гомеля Кастусь Жукоўскі.
«Па два пратаколы прыйшлі з Кармянскага і Лоеўскага райаддзелаў міліцыі, па адным — з Калінкавіцкага і з Цэнтральнага РАУСа Гомеля. Гэта ў нас называецца “пацяпленне стаўлення і змяншэнне ціску” на іншадумцаў і свабоду слова. Не даюць ужо і кроку ступіць без пратаколаў і штрафаў”, — сказаў cлужбе маніторынгу ГА «БАЖ» Кастусь Жукоўскі.
На Кармяншчыне Жукоўскі з калегам здымаў на відэа згноены яшчэ з мінулай восені лён — яго склалі ў скірды, прыцерушылі саломай і пакінулі дагніваць на полі, а таксама зафіксаваў парэшткі здохлых ад бяскорміцы цялят і кароў у сельгаспрадпрыемстве імя Валадарскага.
У Лоеўскім раёне адзін з сюжэтаў датычыўся падзяжу свіней ў прыватнай гаспадарцы прадпрымальніка. У другім распавядалася пра вылучэнца лоеўскай міліцыі Генадзя Маджару, які стаў начальнікам Акцябрскага РАУСа і “адзначыўся” ў Мінску ў кавярні п’яным дэбошам.
У Калінкавіцкім раёне Кастусь Жукоўскі браў інтэрв’ю ў землякоў застрэленага ў войску Дзмітрыя Удода, а ў Гомелі асвятляў вырак суда мазырчуку Андрэю Рабешку, які падчас начнога затрымання парэзаў трох міліцыянтаў.
Відэаздымкі выкарыстоўваў польскі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. З гэтай прычыны міліцыя і складае стандартныя пратаколы супраць фрылансера Жукоўскага за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ —паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП, а суды караюць буйнымі штрафамі.