• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер, публіцыст, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец знайшоўся ў “пакаяльным відэа”

    Яшчэ 30 верасня стала вядома пра затрыманне аўтара аналітычных артыкулаў, у мінулым дэпутата парламента Паўла Знаўца. Сваякі паведамілі, што па грамадскага дзеяча і дыпламаванага юрыста прыйшлі проста дадому. Аднак пра ягоны далейшы лёс да сёння нічога не было вядома.

    Паводле родных, Паўла Знаўца адразу даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Меркавалася, што пасля выходных адбудзецца суд, але ў спісах пакараных яго прозвішча напярэдадні так і не з’явілася. Заставаліся загадкай і дакладныя прычыны візіту сілавікоў.    

    Толькі 4 кастрычніка Павел Знавец нарэшце знайшоўся. “Пакаяльнае відэа” са Знаўцом апублікаваў канал блізкі да “губазікаў”. Затрыманы на камеру “прызнаецца” ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года і крытычных выказваннях на адрас улады. “Трымаецца экстрэмісцкіх поглядаў”, — канстатуюць за кадрам праваахоўнікі, дэманструючы канфіскаваныя бел-чырвона-белыя стужкі, сцяжкі БСДП, значок і бранзалет. Пры гэтым немагчыма зрабіць выснову, якое пакаранне яму высунутае — адміністрацыйнае ці крымінальнае.   

    За адкрытае агучванне грамадзянскай пазіцыі Паўла Знаўца і раней неаднаразова арыштоўвалі падчас мітынгаў апазіцыі — агулам больш за дзесяць разоў судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Аднак пераслед абмяжоўваўся адміністрацыйнымі справамі, да крымінальных артыкулаў не даходзіла. 

    Апошнім часам Павел Знавец адыйшоў ад актыўнага грамадскага жыцця. Пры гэтым заставаўся аўтарам часопіса Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) «Пазіцыя» і палітычным блогерам на сайце “Беларускі партызан” (летась змест “партызанскага” рэсурсу прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, што аўтаматычна пацягнула і наступствы). Акрамя таго, вёў рубрыку “Палітінфармацыя” на сваім YouTube-канале. 

    Практычна штодня дзяліўся думкамі на злабадзённыя тэмы ў сацыяльных сетках. Як лічаць ягоныя паплечнікі, разважанні пра месца Беларусі ў дэмакратычным свеце, а ў дадатак яшчэ і крытыка расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і сталі асноўнай падставай да інтарэсу з боку спецслужбаў.

    Павел Знавец нарадзіўся 14 ліпеня 1967 года ў вёсцы Вялікае Малешава Столінскага раёна Брэстчыны. Пасля прафесійна-тэхнічнай вучэльні працаваў электраманцёрам у аб’яднанні “Мінскбудматэрыялы”. Адтуль быў мабілізаваны ў войска, затым вучыўся на юрыдычны факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

    Цягам 1993–1996 гадоў выкладаў у альма-матэр міжнароднае права, у тым ліку ў Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі.

    Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІІ склікання — апошняга дэмакратычна абранага беларускага парламэнта, сфармаванага па выніках выбараў 1995 года. Маладому народнаму абранніку на той момант споўнілася 28. Уваходзіў у склад Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Падчас палітычнага крызісу 1996-га стаў адным з ініцыятараў імпічменту Аляксандра Лукашэнкі. Пасля фактычнага разгону дэпутацкага корпусу заставаўся паслядоўным крытыкам рэжыму.    

    Яшчэ ў першай палове 1990‑х Павел Знавец далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху, быў намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Першы кіраўнік моладзевага аб’яднання “Маладая Грамада”, рэвізор Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі.

    Адзін з сузаснавальнікаў Фонду імя Льва Сапегі, сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

    Павел Знавец жанаты, мае сына і дачку. Захапляецца аўтарскай песняй, а таксама выконвае рымейкі папулярных беларускіх і замежных выканаўцаў.   

    Чытайце яшчэ:

    Як выглядае пасля расійскага палону абаронца «Азоўсталі», чые фоты абляцелі свет. Знясілены і нязломны

    Наталья Лигачева: «Большое достижение, что во время войны Украина не превратилась в авторитарное государство»

    Кацярыну Андрэеву этапавалі ў папраўчую калонію на вуліцы Антошкіна ў Гомлі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці