Асуджаны блогер Зміцер Казлоў не выйшаў на волю пасля суда за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Заснавальнік YouTube-канала «Серый кот» Зміцер Казлоў 28 лістапада павінен быў вызваліцца з бабруйскай папраўчай калоніі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна яго зноў судзілі — Змітра Казлова звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса).
Які вердыкт вынес 29 лістапада суддзя горада Бабруйска і Бабруйскага раёна Павел Карцінін, пакуль невядома. Але ў выніку відэаблогер Зміцер Казлоў, які ўжо цалкам адбыў прысуджаны раней тэрмін, на волю так і не выйшаў.
Пакаранне па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ прадугледжвае да 1 года пазбаўлення волі, па частцы 2 — да 2 гадоў.
Паводле юрыста БАЖ, выпадкі, каб з «палітычнага» падсуднага знялі абвінавачанне па артыкуле 411, згадаць цяжка.
«Хіба толькі ў 2017 годзе апраўдалі грамадскага актывіста Андрэя Бандарэнку. Гэта было даволі нечакана на той момант. Звычайна даюць максімальны тэрмін. Можна ўзгадаць і выпадак апошняга прысуду Паліне Шарэнда-Панасюк, якую вінавацілі па частцы 2 артыкула 411 КК. Суд прызначыў ёй 1 год зняволення, хоць максімальна можна было 2 гады. Але цяпер пракурор гэтае рашэнне суда абскарджвае, хутчэй за ўсё, праз “мяккасць”», — адзначае ён.
Юрыст звяртае ўвагу і яшчэ на адну акалічнасць: артыкул 411 Крымінальнага кодэкса прымяняецца да асоб, якія цягам года змяшчаліся ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), спецыялізаваную палату ці адзіночную камеру альбо пераводзіліся ў турму. З гэтага можна зрабіць выснову, што Змітру Казлову ў папраўчай калоніі № 2 прызначалі пакаранні за «рэжымныя правіны», але дакладных звестак, якім канкрэтна чынам, няма.
Справа Змітра Казлова
У бабруйскай папраўчай калоніі № 2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 года яна асудзіла яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Змітру Казлову суддзя Ланчава прызначыла 5 гадоў зняволення.
Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч 3 лістапада 2021 года, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме апеляцыйную скаргу блогера, пакінула прысуд у сіле.
За кратамі з улікам часу ўтрымання ў СІЗА Зміцер Казлоў правёў 4,5 гады.
Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года за плакаты, вывешаныя насупраць будынка суда Першамайскага раёна Мінска. 12 чэрвеня пакаралі 20 суткамі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер павінен быў выйсці на волю, стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. З ізалятара на Акрэсціна Змітра перавялі ў СІЗА‑1.
У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Казлова палітычным вязнем.
Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў. На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.
Змітру Казлову 36 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі.
Зміцер не мае ўласнай сям’і, ягоныя бацькі памерлі шмат гадоў таму, і ў яго няма блізкіх сваякоў.