Блогера з Шаркаўшчыны Андрэя Буку асудзілі да пяці сутак арышту
Суд Шаркаўшчынскага раёна 28 кастрычніка прызнаў Андрэя Буку вінаватым паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП — за «пікетаванне ў інтэрнэце». Прычынай адміністрацыйнага пераследу стала выява, што была размешчаная на хостынгу.

Фота: Katrin Bolovtsova / pexels.com
Пасля абвяшчэння судовага рашэння Андрэя Буку адпусцілі дахаты.
Увесну мінулага года Шаркаўшчынскі раённы суд таксама абвінаваціў Андрэя Буку ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле артыкула 24.23 КаАП і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Падставай тады стала аватарка ў сацыяльнай сетцы Facebook — міліцыянты ўбачылі на ёй выяву бел-чырвона-белага сцяга. Той фотаздымак Андрэй Бука размясціў у сацыяльнай сетцы яшчэ за некалькі гадоў да таго, як узніклі прэтэнзіі.
Сёлета ў траўні ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў быў уключаны Telegram-канал «Андрэй Бука. Думкі ўслых», а таксама Telegram-бот @Dumkiuslyhbot. Telegram-канал не абнаўляецца з лютага мінулага года.
