Блогера Пятрухіна аштрафавалі за зварот да міліцыянта “ў назойлівай форме”
Суддзя Ленінскага раённага суда Брэста Аляксандар Семянчук пакараў блогера Сяргея Пятрухіна штрафам у памеры 30 базавых велічынь (765 рублёў) за парушэнне артыкула аб “дробным хуліганстве” (17.1 КаАП).
Падставай для складання пратакола стала нібыта абраза намесніка начальніка Ленінскага РУУС Брэста Мікалая Самасюка. На судзе Самасюк патлумачыў, чым менавіта яго абразіў Пятрухін. Аказалася, што блогер “у назойлівай форме” прасіў Самасюка, які ў той момант знаходзіўся пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, прыняць заяву аб адміністратыўным правапарушэнні. Мікалай Самасюк палічыў такія паводзіны Пятрухіна недапушчальнымі і выклікаў на яго АМАП.
Сяргей Пятрухін, у сваю чаргу, на судзе заявіў, што Самасюк, карыстаючыся сваім службовым становішчам, выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс у асабістых мэтах. І таму Пятрухін мае намер прыцягнуць міліцыянта да крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
У выніку суддзя Аляксандар Семянчук стаў на бок Мікалая Самасюка і прызнаў Пятрухіна вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.
Сяргей Пятрухін быў затрыманы падчас шэсця ў нядзелю другога чэрвеня. На скрыжаванні вул. Савецкай і Маякоўскага дзве асобы ў камуфляжы гвалтам ўвапхнулі яго ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым кірунку. Пры выкраданні прысутнічаў выконваючы абавязкі начальніка Ленінскага РАЎС Берасця Мікалай Самасюк. Пазней блогер паспеў паведаміць, што быў складзены пратакол па арт 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), а яго да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На наступны дзень у судзе Пятрухін падаў хадайніцтвы аб магчымасці азнаямлення з матэрыяламі справы і аб заключэнні дамовы з адвакатам. Суддзя Семянчук іх задаволіў, і суд быў перанесены на 10 чэрвеня.