Блогера выклікаюць у Следчы камітэт, але блогу гэта не тычыцца
Брэсцкі міжраённы аддзел СК выклікае на допыт блогера Сяргея Пятрухіна, у якога на гэтым тыдні прайшоў ператрус па справе аб нібыта абразе прадстаўніка ўлады ў інтэрнэце.
8 ліпеня блогеру паведамілі, што выклік не звязаны з яго дзейнасцю і з апошнімі падзеямі – нібыта гаворка ідзе пра злачынства, сведкам якога Пятрухін мог стаць у цягніку.
Тым часам, справа з абразай у інтэрнэце, па словах блогера, мае ўжо доўгую гісторыю. Спачатку міліцыя не знайшла вінаватых у абразе, якая нібыта мела месца ў каментарах на адным з сайтаў. Аднак як толькі Сяргей Пятрухін зарэгістраваў ініцыятыўную групу для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, сітуацыяй зацікавіўся Следчы камітэт, якія распачаў праверку на падставе арт. 369 Крымінальнага кодэкса “Абраза прадстаўніка ўлады”.
Як паведамлялася раней, 5 ліпеня ў кватэры блогера следчыя правялі ператрус, падчас якога на экспертызу забралі камп’ютар і мабільны тэлефон Пятрухіна.
Сяргей Пятрухін займаецца журналісцкімі расследаваннямі на тэму карупцыі чыноўнікаў і сілавікоў. На сваім youtube-канале «Народны рэпарцёр» ён выкладвае відэасюжэты на праблемныя тэмы, звязаныя са злоўжываннямі чыноўнікаў. Кожнае расследаванне блогера збірае тысячы праглядаў у сеціве.
Сяргей Пятрухін звязвае цяперашні пераслед найперш з ягоным удзелам у парламенцкай выбарчай кампаніі.