Блогеру Vadimati, на якога завялі 2 крымінальныя справы, дадалі 20 дзён арышту за «заклікі да экстрэмізму»
14 кастрычніка Вадзіма Ермашука маюць перавесьці ў СІЗА горадзенскай турмы.
Горадзенскага блогера і прадпрымальніка Вадзіма Ермашука (Vadimati) асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за «распаўсюд, выраб або захоўваньне інфармацыі, у якой ёсьць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 19.11 КаАП). Пра гэта Свабодзе паведаміла сяброўка блогера.
Пастанову ўхваліў суд Шчучынскага раёну 14 кастрычніка. У гэты ж дзень Ермашука маюць перавесьці ў СІЗА горадзенскай турмы.
Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне, куды ён паехаў паглядзець на мясцовы скейт-парк, каб зрабіць падобны ў Горадні.
Агулам Vadimati атрымаў 60 адміністрацыйных сутак арышту па трох артыкулах: спачатку 25 нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). Напрыканцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў па нумары 115. З 16 жніўня дагэтуль гарадзенец знаходзіўся ў Шчучынскім ІЧУ.
Цяпер Ермашук знаходзіцца пад вартай, на яго завялі крымінальныя справы па двух крымінальных артыкулах: за «абразу Лукашэнкі» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі, пагражае да 4 гадоў у калёніі) і за «абразу дзяржаўнага сьцяга» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу Беларусі, пагражае да 3 гадоў у калёніі). Падставай для завядзеньня справаў паслужылі два выказваньні блогера.
Вадзім Ермашук гандлюе адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе: рамонт асфальту, усталяваньне пандусаў, змагаўся з забруджваньнем вады.
Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».
Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў.