Блогеру з Брэста Сяргею Пятрухіну вярнулі тэхніку, якую забіралі на праверку ў межах крымінальнай справы
28 верасня міліцыя вярнула Сяргею Пятрухіну вынятую тэхніку, аднак праверыць, у якім яна стане, блогер пакуль не мае магчымасці.
Камп’ютар і смартфон супрацоўнікі міліцыі забралі ў Сяргея Пятрухіна два месяцы таму — 27 ліпеня. У той дзень блогер выйшаў са сваёй кватэры, каб вынесці смецце і пайсці на сустрэчу з дзіцем. Каля пад’езда да Пятрухіна падыйшлі супрацоўнікі Ленінскага РАУС горада Брэста і пачалі зачытваць пастанову пракурора пра агляд памяшкання, якое належыць блогеру.
“Саму пастанову ў рукі мне не давалі, хоць я на гэтым настойваў, – распавёў Сяргей Пятрухін. – Супрацоўнікі міліцыі тлумачылі тым, што гэта нібыта дакумент “для службовага карыстання”, пасля чаго паклікалі сведак”.
Калі брэсцкі блогер, які вядзе папулярны youtube-канал “Народны рэпарцёр”, заявіў, што без адваката нікога не пусціць у сваю кватэру, супрацоўнікі РАУС адказалі, што могуць ладзіць агляд без адваката.У выніку Сяргея Пятрухіна адвезлі ў пастарунак, дзе абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Наступныя тры дні ён правёў у ізалятары, а пасля вяртання дадому высветліў, што з кватэры зніклі сістэмны блок камп’ютара і смартфон.
Тым часам, у праваахоўнікаў па-ранейшаму застаюцца на праверцы два ноўтбукі, тэлефон і планшэт, якія былі забраныя ў брэсцкага блогера раней.
Сяргей Пятрухін таксама паведаміў, што на мінулым тыдні быў выкліканы ў Следчы камітэт. Высветлілася, што ў межах крымінальнай справы аб знявазе і паклёпе ўчастковага міліцыянта Сяргея Ігнацюка (супрацоўнік міліцыі ў сваёй заяве сцвярджае, што блогер абразіў яго ў жывым эфіры на канале “Народны рэпарцёр” сёлета ў сакавіку) патрабуецца правесці экспертызу тэхнікі, набытай Пятрухіным праз некалькі месяцаў пасля эфіру.
“Больш таго, мне патлумачылі, што ў межах заведзенай крымінальнай справы могуць ладзіць ператрус у маёй кватэры ў любы дзень”, – распавёў Сяргей Пятрухін.