Больш за палову еўрапейскіх журналістаў вымушаныя шукаць падпрацоўку — вынікі даследавання
Большасць еўрапейскіх журналістаў адчуваюць прафесійнае выгаранне, а 62% вымушаныя шукаць дадатковыя крыніцы даходу. Апытанне ініцыятывы TakTak, арганізаванае пры падтрымцы ЕС, выявіла трывожнае становішча спраў у прафесіі. На даследванне звярнуў увагу Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.

Фота: George Milton / pexels.com
Па выніках агульнаеўрапейскага апытання:
- кожны другі чалавек у медыясферы працуе фрылансерам або па часовых кантрактах;
- амаль палова незадаволеная сваімі даходамі;
- больш за 50% журналістаў не могуць належным чынам забяспечваць свае сем’і.
Эксперты падкрэсліваюць, што рост фрыланс-журналістыкі ў Еўропе з’яўляецца структурным зрухам у медыяіндустрыі. На гэта ўплывае скарачэнне рэдакцыйных бюджэтаў.
Даследванне паказвае, што 61,94% рэспандэнтаў вымушаныя дапаўняць заробак у медыях іншымі відамі працы. Асноўныя падпрацоўкі еўрапейскіх журналістаў: рэклама/PR (37%), выкладанне, некамерцыйная дзейнасць і кантэнт-маркетынг.
Галоўныя праблемы, з якімі рэспандэнты сутыкаюцца ў якасці журналістаў:
- нізкі даход і/або цяжкасці з аплатай сямейных патрэб (50,56%);
- дрэнны баланс паміж працоўным і асабістым жыццём (43,33%);
- нестабільная сітуацыя з працай (42,50%);
- нізкі попыт на журналістыку (34,17%)
- небяспечная сітуацыя ў сваёй краіне (26,94%)
- занадта шмат часу займае адміністрацыйная праца (21,94% ).
Вынікі апытання таксама паказваюць, што больш за палову (60,28%) рэспандэнтаў ужо пакутуюць ад выгарання ў сваёй журналісцкай кар’еры.
Нягледзячы на цяжкасці, 65% апытаных плануюць застацца ў прафесіі на бліжэйшыя 5 гадоў.
Цалкам вынікі апытання глядзіце тут
