Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу блогера Сяргея Пятрухіна, якога раней аштрафавалі на 1 225 рублёў
Штраф быў накладзены на падставе адміністратыўнага пратакола, складзенага паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП РБ (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”).
Напрыканцы лютага на youtube-канале “Народны рэпарцёр” блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў заяўлялі пра свой намер выйсці на плошчу Леніна ў Брэсце, каб выказаць пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў ваколіцах гэтага горада.
Абодва блогеры атрымалі пракурорскія папярэджанні, пасля былі затрыманыя, а 28 лютага суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын пакараў Пятрухіна і Кабанава штрафам ў памеры 50 базавых велічынь кожнага.
Сяргей Пятрухін не пагадзіўся з гэтым рашэннем і падаў скаргу ў абласны суд. Ён лічыць, што судом першай інстанцыі не была дадзена належная ацэнка сабраных па справе доказаў, пакінутыя без увагі парушэнні заканадаўства падчас падрыхтоўкі справы да разгляду.
У скарзе брэсцкі блогер таксама звярнуў увагу, што ў адпаведнасці з артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў і перакананняў і іх свабоднае выказванне.
«У сувязі з гэтым я лічу, што маю права выказваць сваё меркаванне па пытаннях экалагічнай бяспекі жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода”, — патлумачыў Сяргей Пятрухін.
Ён таксама заўважыў, што не з’яўляўся арганізатарам якога-небудзь масавага мерапрыемства, не рыхтаваў яго і не абвяшчаў пра дату і месца правядзення.
У сваёй скарзе Пятрухін прасіў адмяніць пастанову суда першай інстанцыі і спыніць справу. Аднак суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы і выслухаўшы аргументы блогера, пакінула пастанову суда Ленінскага раёна Брэста ад 28 лютага без змены, а скаргу — без задавальнення.
Такія чынам, пастанова ўступіла ў законную сiлу. Але, як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, гэтае рашэнне будзе аспрэчвацца ў судах, а калі будзе патрэба — Сяргей Пятрухін накіруе сваю скаргу і ў камітэт ААН па правах чалавека.