• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін прыйшоў на прэс-канферэнцыю і атрымаў позву ў міліцыю

    У позве, перададзенай супрацоўнікам міліцыі, пазначана, што Пятрухін мусіць з'явіцца ў Ленінскі РАУС Брэста ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Пятрухін патрабуе пісьмовых гарантый, што ў РАУСе да яго не будуць прымяняць фізічную сілу.

    Сяргей Пятрухін

    Паводле словаў Сяргея Пятрухіна, позву ён атрымаў ад міліцыянта, які адмыслова завітаў у будынак, дзе адбывалася прэс-канферэнцыя з нагоды будаўніцтва каля Брэста акумулятарнага завода.  

    “Я ведаю выпадкі, калі ў гэтым раённым аддзеле ўнутраных спраў раней супрацоўнікі міліцыі ўжывалі сілу, у тым ліку да прадстаўнікоў СМІ — напрыклад, рэдактара партала “Реальный Брест” Дзяніса Марука, —  распавёў Сяргей Пятрухін службе маніторынгу ГА “БАЖ”. — Таму вырашыў не ісці ў пастарунак, пакуль не атрымаю пісьмовай гарантыі ад начальніка Ленінскага РАУС, што ў дачыненні да мяне не будзе неправамерна ўчынены гвалт”.

    Брэсцкі блогер таксама заўважыў, што яму ўжо некалькі разоў тэлефанаваў участковы інспектар міліцыі, якія запэўніваў, што начальнік РАУС гарантуе бяспеку. Аднак без пісьмовай гарантыі Пятрухін не мае намеру ісці у райаддзел міліцыі, тым больш, што ў позве не пазначана, па якім артыкуле вядзецца адміністрацыйнай працэс.

    Сяргей Пятрухін

    “На мяне не складалі ніякіх пратаколаў, але настойлівасць, з якой выклікаюць у міліцыю, дае падставы меркаваць, што ёсць мэта ізаляваць на пэўны час”, — кажа Сяргей Пятрухін.

    Блогер не выключае, што мясцовыя ўлады з дапамогай праваахоўных структур хочуць паўплываць на яго актыўнасць у падзеях, што разгортваюцца вакол пачатага будаўніцтва акумулятарнага завода ў ваколіцах Брэста. Сяргей Пятрухін асвятляе ў сваім відэаблогу “Народны рэпарцёр” працэс збору подпісаў у рэгіёне за прыпыненне будаўніцтва гэтага завода, а таксама правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы і паўторных грамадскіх абмеркаванняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці