Брэсцкага журналіста Алеся Ляўчука вінавацяць па крымінальным артыкуле ў абразе Лукашэнкі
У дачыненні да журналіста Алеся Ляўчука распачалі крымінальную справу паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса РБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справай займаецца Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Як стала вядома 3 снежня, падставай для крымінальнага пераследу стаў допіс Алеся Ляўчука ў Facebook. Сярод іншага журналіст напісаў:
«Лукашэнка ніколі ні пры якіх умовах не аддасць уладу. Для гэтага яго трэба забіць (ён пра гэта сам сказаў)».
Сілавікі ўгледзелі ў гэтым выказванні абразу Аляксандра Лукашэнкі.
Журналіст-фрылансер Алесь Ляўчук доўгі час жыў у Брэсце, дзе супрацоўнічаў з мясцовымі і рэспубліканскімі выданнямі, а пазней — з незалежным тэлеканалам «Белсат». За прафесійную дзейнасць яго шмат разоў пераследавалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе журналіст працягвае сваю дзейнасць з‑за мяжы.