Брутальная перашкода на занятак журналістыкай — наступствы ператрусаў у адзінаццаці журналістаў з Гомеля
Чарговыя маштабныя ператрусы ў грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў непадкантрольных уладам медыяў не мінавалі і Гомельшчыну.
Увечары 9 ліпеня ў аднаго са старэйшых гомельскіх журналістаў, афіцыйнага ветэрана працы, сябра ГА «БАЖ» Анатоля Гатоўчыца міліцыя правяла вобшук — другі ў сёлетнім годзе.
У пастанове на вобшук напісана, што дома ў Анатоля Гатоўчыца «могуць быць прадметы і рэчы, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы № 2112435935». Што гэта за справа і якое дачыненне да яе мае журналіст — невядома.
Пастанову выдаў следчы гарадскога аддзела Следчага камітэта Мякаценка, а санкцыю на ператрус даў — пракурор Гомеля Юрый Булынка.
Гэтым разам у журналіста зноў забралі яго камп’ютары, тэлефоны, жончын планшэт, флэшкі, усе фотаапараты, дыктафоны, у тым ліку і старыя касетныя, якія Анатоль збіраўся аддаць у музей незалежнай журналістыкі. (Такі музей запланавала стварыць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”). У пратаколе вобшука ўказана 26 найменняў забранай тэхнікі і носьбітаў інфармацыі.
«Беспарадку асаблівага не ўчынілі, — расказвае Анатоль Гатоўчыц. — Толькі капітан Дзмітрый Зязюлін з Цэнтральнага РАУС моцна знерваваў жонку Марыю, яна ў мяне таксама журналістка, сябра ГА “БАЖ». Стаў забіраць у яе насоўку з вышыўкай і ўзоры нацыянальнага арнаменту, які яна збіралася перанесці на павалаку. Нават не скажу, дзеля чаго тую павалаку яна надумалася рабіць — гэта вельмі асабістае».
Уражанне ў журналіста склалася такое, што вобшук адмыслова быў звязаны з выняткам тэхнікі, сродкаў сувязі і грошай. Бо пыталіся ў 71-гадовага Анатоля, які ўжо на пенсіі, яшчэ і пра банкаўскія карткі.
«Цяперашнія мясцовыя ініцыятары ператрусу, выглядае, не ведалі, што маю тэхніку ўжо праз папярэднюю пастанову з Галоўнага ўпраўлення СК за тры месяцы перабывання ў структурах камітэта “разабралі па костачках”. Да таго ж не ўсе рэчы яшчэ вярнулі пасля таго лютаўскага вобшуку. Цяперашняе адабранне тэхнікі — цалкам брутальная перашкода на занятак журналістыкай, якой я, маючы ўніверсітэцкі дыплом журналіста, аддаў амаль паўстагоддзя жыцця: у «Советской Белорусcии», «Народнай газеце», БелаПАНе, «Народнай волі», — зазначае Анатоль. — Ці гэта ўжо ў кожным журналісце бачаць тую “спячую тэрарыстычную ячэйку”, якую кінуліся зараз шукаць па ўсёй Беларусі?».
Вобшукі ў кватэрах, машынах, на лецішчах
Пад асаблівы прэсінг у Гомелі патрапілі 9 ліпеня і ўсе асноўныя супрацоўнікі гомельскага інтэрнэт-партала «Сильные новости». Заснавальнік інфармацыйнага партала Пётр Кузняцоў паведаміў БелаПАН, што на дзесяць супрацоўнікаў было 15 пастановаў на ператрус. Следчыя дзеянні 9 ліпеня праходзілі ў работнікаў партала як па месцы прапіскі, так і па месцы жыхарства, а таксама на лецішчах і ў аўтамабілях.
Сілавікі зрабілі вобшук ў кватэры і загараднай хаце Пятра Кузняцова, па двух адрасах (рэгістрацыі і жыхарства) у галоўнага рэдактара партала Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса Якштаса, а таксама ў супрацоўнікаў «Сильных новостей»: Юрыя Глушакова, Наталлі Суславай, Ірыны Вольскай, Паўла Кузняцова, Яўгеніі Крашчук, Аляксея Атрошчанкі, Кацярыны Целіман.
На думку Кузняцова, маштабны ўдар па СМІ ў цэнтры і рэгіёнах — гэта «пахавальная» для беларускага інфаполя, вяртанне ў «савецкую рэчаіснасць».
Супрацоўнік «Сильных новостей» Юрый Глушакоў, у якога 9 ліпеня таксама забралі кампутарную тэхніку, лічыць, што ён асабіста і рэдакцыя сайта апынуліся як бы між молатам і кавадлам. «Я супраць канфрантацыі з абодвух бакоў — уладаў і пратэстнай часткі грамадства. Гэта ні да чаго добрага не прывядзе», — кажа Глушакоў.
Ад «масавых беспарадкаў» да «тэрарыстычных актаў»
Вобшукам у журналістаў у Гомелі папярэднічала затрыманне напрыканцы мінулага тыдня палітыка Васіль Палякова і валанцёра Іллі Міронава. Наколькі вядома, іх дапытвалі супрацоўнікі КДБ. У мінулым годзе і Палякова, і Міронава, у ліку многіх іншых гараджан, арыштоўвалі «за масавыя беспарадкі», цяпер, паводле звестак сваякоў, вінавацяць у нейкіх «тэрарыстычных актах».
У апошніх затрыманнях і ператрусах у журналістаў старэйшы гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Кацора схільны бачыць расправу уладаў над усім, што не адпавядае іх поглядам на лаяльнасць і пакорлівасць.
«Не атрымалася здушыць найбольш актыўную частку грамадства і незалежныя СМІ праз абвінавачанні ў масавых беспарадках ды абразах прадстаўнікоў улады, сталі вінаваціць у тэрарызме. Гэта дае магчымасць сілавым структурам асабліва не абцяжарваць сябе фактамі і доказамі нават міфічных тэрактаў, а суды па такіх справах наглуха закрываць. У такіх варунках будуць перашкаджаць не толькі цэнтральныя, але і рэгіянальныя непадкантрольныя інфармацыйныя рэсурсы. Таму і трэба з імі расквітацца: адных закрыць, іншых — спаралізаваць, адабраўшы тэхніку, асноўныя сродкі вытворчасці, у офісах і ў саміх журналістаў», — лічыць спадар Кацора.