BYSOL аб’явіў збор для каманды незалежнага выдання BGmedia
BYSOL аб’явіў збор 5 тысяч еўра для каманды рэгіянальнага выданння BGmedia. Гэтая сума дапаможа выплаціць месячны заробак тром супрацоўнікам рэдакцыі. Агулам у камандзе працуюць сем чалавек.
Грошы пойдуць на выплату месячнага заробку тром супрацоўнікам выдання: двум журналістам і відэамантажору. Менавіта яны робяць тэксты, выпускаюць відэа ў YouTube, Instagram, TikTok, якія набіраюць сотні тысяч праглядаў.
BGmedia — незалежнае рэгіянальнае выданне, якое піша пра праблемы Брэста і Брэсцкай вобласці. Як і большасць недзяржаўных медыяў, рэдакцыя аказалася ў выгнанні.
Сайт і 10 акаўнтаў у сацсетках і мэсэнджэрах аб’яўленыя рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі».
Але пры гэтым выданне выжыла і дасюль застаецца брэсцкім: і па зместу, і па духу. Разбітыя дарогі, іржавая вада, смецце ў дварах, дрэннае харчаванне ў бальніцах, недахоп дактароў, неадэкватныя рашэнні чыноўнікаў (напрыклад, штрафы за траву), некампетэнтнасць уладаў усіх узроўняў — вось толькі няпоўны пералік тэмаў, якія штодня падымае BGmedia.
«Наша інфармацыя — як глыток свежага паветра ў прапагандысцкім тумане. А паветра праўды і свабоды сёння як ніколі патрэбнае беларусам. Нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі прызнаў усе нашыя інфармацыйныя каналы (а гэта сайт і 10 акаўнтаў у сацыяльных сетках і мэсэнджэрах) «экстрэмісцкімі», колькасць нашых падпісчыкаў працягвае расці. А гэта значыць, што нас чытаюць, нам давяраюць, нас чакаюць», — зазначае рэдакцыя.
ДАПАМАГЧЫ BGmedia
