BySol абвясціў збор сродкаў для фотажурналіста Аляксандра Васюковіча
Фатограф-дакументаліст Аляксандр Васюковіч шукае падтрымкі, каб пачаць новае жыццё і працягнуць працу ў эміграцыі. Ён распачаў збор сродкаў на платформе BySol.

Аляксандр Васюковіч. Крыніца фота: bysol.org
Аляксандр Васюковіч здымае для незалежных СМІ з 2010 года. Ён асвятляў Плошчу-2010, маўклівыя пратэсты, выбары-2020, вайну ва Украіне. У студзені 2024 года Васюковіч быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, на якіх ён працаваў. Асцерагаючыся далейшага пераследу, Аляксандр выехаў з Беларусі ў красавіку 2024.
Сума збора — €3700. Грошы патрэбныя для наладжвання жыцця ў эміграцыі.
«Гэта тая сума, якую я хацеў бы сабраць. Яна дапаможа мне аплачваць жыллё і прадукты, пакуль я чакаю рашэння аб наданні мне абароны. Таксама невялікую частку атрыманых сродкаў я выкарыстаю для падрыхтоўкі свайго матацыкла да паездкі ва Украіну да лініі фронту, дзе я планую працягнуць дакументаванне вайны і наступстваў расейскай агрэсіі», — напісаў Аляксандр Васюковіч.
Падтрымаць калегу можна па гэтай спасылцы.
