На волю выйшлі новыя палітвязні. Ім патрэбная наша дапамога!
Беларускіх палітвязняў прымусова дэпартавалі з краіны, і ім патрэбная дапамога. BYSOL абвяшчае тэрміновы збор.
11 верасня амерыканская дэлегацыя на чале з Джонам Коўлам прыбыла ў Беларусь. Вынікам перамоў амерыканцаў з афіцыйным Мінскам стала вызваленне 52 палітычных вязняў. Сярод іх журналісты і блогеры: Аляксандр Манцэвіч, Ірына Слаўнікава, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Павел Мажэйка, Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Алена Цімашчук, Ігар Лосік, Мікалай Дзядок, Павел Вінаградаў і Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот).
Новыя палітвязні на волі — гэта радасная, але і трывожная навіна, якая патрабуе максімальнага ўдзелу.
Пасля доўгіх гадоў турмы людзей прымусова дэпартуюць з роднай краіны. З падарваным здароўем і без сродкаў да існавання. Без дапамогі гэтым людзям будзе невыносна складана.
Кожны вызвалены атрымае €1000 праз BYSOL са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду, аднак гэтай сумы недастаткова для закрыцця ўсіх пытанняў. Таму адкрыты збор на €50000 для дапамогі палітвязням, якія былі выпушчаны.
BYSOL мяркуе, што многія з іх будуць у цяжкім стане і некаторым спатрэбіцца тэрміновая дапамога.
«Мы таксама лічым, што гэтая хваля вызваленняў — не апошняя. Мы чакаем, што рэжым будзе і надалей выпускаць людзей, спрабуючы, ў тым ліку, перагрузіць сістэму салідарнасці, якую мы з вамі выбудоўвалі апошнія 5 гадоў. І гэта сур’ёзны выклік для ўсіх нас! Мы звяртаемся да ўсіх: далучыцеся да нашай агульнай справы і падтрымайце тых, хто прайшоў праз лукашэнкаўскія турмы.
Нашая галоўная сіла — гэта беларуская салідарнасць. Наша мэта — каб кожны, каго рэжым выпусціць з турмы, адчуў, што ў яго ёсць супольнасць, якая яго чакае і гатова падтрымаць», — падкэслівае каманда збораў BYSOL.
ПАДТРЫМАЦЬ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
