• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чаму Польшча не дамаглася вызвалення Анджэя Пачобута?

    Журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут за кратамі ў Беларусі больш як тры гады. Польшча неаднаразова патрабавала вызваліць палітвязня. Чаму ягонага вызвалення не дамагліся дагэтуль , «Белсату» растлумачыў журналіст польскага выдання Dzi­en­nik Gaze­ta Praw­na Міхал Патоцкі.

    Чаму Польшча не дамаглася вызвалення Анджэя Пачобута?

    Пікет перад беларускім консульствам у Беластоку ў падтрымку Анджэя Пачобута. Фота: Анатоль Хоміч / Forum

    Анджэя Пачобута затрымалі ў Горадні 25 сакавіка 2021 года, у яго ўдома правялі ператрус. Яму выставілі абвінавачванне ў «Распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ) за тое, што ён назваў агрэсіяй напад Савецкага Саюзу на Польшчу ў 1939 годзе, за гістарычныя артыкулы і за тэксты аб беларускіх пратэстах і праблемах польскай меншасці ў Беларусі. Пазней яму дадалі яшчэ адзін артыкул: «Заклікі да санкцыяў» (ч.3 арт. 361 КК РБ). 

    8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пачобута ў калоніі не раз кідалі ў «памяшканне камернага тыпу». Ён адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні, хоць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі намякалі, што пасля прашэння (і прызнання «віны») Пачобута вызваляць. Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі запэўнівае, што працэдуры вызвалення беларускіх палітвязняў, у тым ліку Пачобута, трываюць. Тое ж казаў шэф Бюро Нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера. Вызваленне Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу Польшча прывязвае да тэмы закрыцця мяжы з Беларуссю.

    Ці не праігнаравала Польшча магчымасць вызваліць Пачобута? 

    У Польшчы не сціхаюць спрэчкі вакол нядаўняга абмену паміж Расеяй і Захадам, у выніку якога Варшава аддала расейскага шпіёна, але, як сцвярджае апазіцыя, не атрымала нічога ўзамен, хаця магла выцягнуць з беларускай турмы Пачобута. Былы міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыўш Каміньскі расказаў, што калісьці рэжым Лукашэнкі патрабаваў абмяняць Пачобута на лідара Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку.

    Журналіст польскага выдання Dzi­en­nik Gaze­ta Praw­na Міхал Патоцкі лічыць, што нельга казаць аб тым, што польскі ўрад праігнараваў магчымасць абмяняць Пачобута на зняволенага расейца. У польскай палітыцы ў размовах пра адносіны з Беларуссю і пра беларускія справы вызваленне Пачобута – адна з галоўных тэмаў.

    Журналіст Dzi­en­nik Gaze­ta Praw­na Міхал Патоцкі у эфіры «Белсат Zoom». 6 жніўня 2024 года. Скрыншот: Белсат

    Напрыклад, лёс Пачобута быў адной з тэмаў візіту прэзідэнта Польшчы ў Кітай: праз Кітай, з якім у Польшчы добрыя адносіны, спрабавалі паўплываць на Беларусь, з якой добрыя адносіны ў Кітаю. Папярэдні ўрад Польшчы карыстаўся пасярэдніцтвам Казахстану і іншых дзяржаваў, праз гэта год таму вызвалілі Анжэліку Борыс і іншых актывістак польскай меншасці. 

    Ці можна было вызваліць Пачобута праз нядаўнюю расейска-амерыканскую ўгоду аб абмене зняволенымі? Пытанне ў тым, наколькі Беларусь была гатовая гэта зрабіць, лічыць Патоцкі. Ён упэўнены, што Пачобут для Лукашэнкі значна больш важны сімвалічна за таго ж вызваленага ў межах абмену немца Рыка Крыгера

    «Яны дабіваюцца таго, каб Анджэй Пачобут сам напісаў прашэнне аб памілаванні, – канстатуе Патоцкі. – Анджэй Пачобут не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. І таму адмаўляецца пісаць такія заявы. Прынцыпова».

    Суразмоўца адзначае, што ў межах таго абмену было больш шанцаў вызваліць Марыяна Радзаеўскага – грамадзяніна Польшчы, зняволенага ў Расеі з 2018 года паводле абвінавачвання ў «шпіянажы» – нібыта ён спрабаваў атрымаць сакрэтныя кампаненты зенітна-ракетнай сістэмы С‑300. 

    Пачобута мае вызваліць Кітай?

    Шэф Бюро Нацыянальнай бяспекі Польшчы казаў, што «ключ» да вызвалення Пачобута «ляжыць у іншых імперыях». Патоцкі лічыць, што гэта было намёкам на Кітай. Суразмоўца таксама нагадвае, што вызваленне палітвязняў у ліпені было «вялікай навіной», хоць тады вызвалілі 18 чалавек – хіба 1 % палітвязняў. Гэта, лічыць ён, паказвае, наколькі малы ўплыў краіны Захаду маюць на Беларусь. 

    «Гэта таксама звязанае з расейска-ўкраінскай вайной, з тым, што паўстала новая „жалезная заслона“, – лічыць Патоцкі. – У нас, у Польшчы ёсць адзін момант, які мы можам выкарыстоўваць, каб ціснуць на Лукашэнку: гэта мяжа. Патэнцыйнае закрыццё мяжы перадусім для тавараў».

    Закрыццё мяжы для тавараў ударыць Лукашэнку не толькі праз наўпроставы гандаль Беларусі з заходнімі дзяржавамі, але і праз адносіны з Кітаем, бо без транзіту тавараў Беларусь губляе для Кітаю ўсялякае значэнне.

    Аб гэтым, нагадвае ён, пачалі адкрыта казаць пасля забойства польскага салдата на мяжы з Беларуссю ў траўні. Ды Патоцкі пытае: як доўга можна пра гэта казаць, як доўга можна пагражаць без рэалізацыі пагрозы? Адказу ён чакае ў хуткім часе, бо калі будуць пастаянна пагражаць закрыццём мяжы, пагрозы перастануць баяцца.

    Чаму журналісты «Свабоды» Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык не трапілі ў абменныя спісы — меркаванне Сяргея Навумчыка

    Раней Літва, Латвія і Польшча закрывалі асобныя памежныя пераходы для пасажырскіх перавозак, але гэта ніяк не паўплывала на рэжым Лукашэнкі. А пасля размовы кіраўнікоў Польшчы і Кітаю, дзе згадваўся транзіт тавараў, раптам Лукашэнка вызваліў 18 чалавек. Патоцкі не сумняецца, што больш уплываюць тыя санкцыі, якія наўпрост закранаюць эканоміку, а абмежаванні для грамадзянаў на яе не вельмі ўплываюць – а тое і дапамагаюць Лукашэнку ў палітычным пераследзе сваіх апанентаў. 

    Патоцкі сумняецца, што суседзі Беларусі цалкам закрыюць мяжу і для тавараў, і для людзей. Але такі сцэнар – ужо не фантастыка і не табу, ён «на стале» на выпадак эскалацыі міграцыйнага крызісу ці іншых такіх падзеяў. Такое абмяркоўвалі яшчэ калі ў Беларусь прыехалі «на запрашэнне Лукашэнкі» баевікі расейскай групы Вагнэра.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці