• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чаму ўсё так дрэнна з асвятленнем культуры? Разважае кінакрытык Тарас Тарналіцкі

    «Аўдыторыя большасці мэйнстрымавых выданняў звычайна максімальна шырокая і палітызаваная, іх навіны культуры ці культурныя тэксты збольшага не цікавяць», — нагадвае вядомы кінакрытык. Аднак ці з’яўляецца гэта падставай махнуць рукой на культурную журналістыку?  Прыводзім развагі спадара Тарналіцкага на гэты конт.

    Тарас Тарналіцкі партрэт

    Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў

    Нейкі час таму ў ютуб-праекта Яўгеніі Сугак “Мне таксама не падабаецца” выйшаў выпуск, прысвечаны юбілейнаму оўпен-эйру фестываля “Тутака”, у якім размаўлялі медыяменаджарка і вядоўца Наста Роўда, артыст Міхась Зуй і акторка і менеджерка Крысціна Дробыш.

    Па прапанове “Медыяжабы” працягну самотную шарманку дыскусіі. Толькі адразу адкажу на спрадвечнае пытанне пра яйка і курыцу.

    Што першым паўстала і што без чаго не можа існаваць — культурная журналістыка ці культурныя падзеі?

    Відавочна, што першаснае тут — культурнае поле, з якім узаемадзейнічаюць ці абслугоўваюць (каму як больш падабаецца) журналісты, спецыялізуючыся на сферы культуры. Праблема пралягае ў тым, што рэчаіснасць аўтарытарнай краіны, узмацнёная эміграцыяй і вайной стварае для мяне і калег шэраг унікальных асаблівасцяў у працы.

    Я згодзен з тэзісам Міхася Зуя ў тым, што незалежныя медыя мала звяртаюць увагу на беларускія праекты. Шматлікія тэмы трэба натуральна лабіраваць рэдактарам пад розным соўсам.

    Але аўдыторыя большасці мэйнстрымавых выданняў звычайна максімальна шырокая і палітызаваная, іх навіны культуры ці культурныя тэксты збольшага не цікавяць. Апраз нізкія прагляды складана “прадаць” тэму для напісання тэксту.

    Добра, калі хаця б навіну ці анонс можна будзе апублікаваць. Таму праца па асвятленні культуры ператвараецца ў сапраўдную місію, якая не заўсёды зразумела фінансавым донарам выданняў, для якіх усё яшчэ ў прыярытэце стаяць статыстыка праглядаў і ахопленай аўдыторыі.

    У той жа час я цалкам не згодны са сцвярджэннем, што не пішуць таму, што чарговы праект Х не цікавы выданню N. Гэта вельмі камфортнае спрашчэнне для нашмат больш складанай сітуацыі, якая склалася на нашым медыяполі.

    Рэпрэсіі, эміграцыя, перабоі з фінансаваннем вымылі з прафесійнага поля вялікую колькасць культурных журналістаў, якія добра разбіраюцца ў інфаплыні і могуць адрозніць нязначную падзею ад значнай. Тых, што ёсць і працуюць па спецялізацыі, засталося меней, чым пальцаў на дзвюх далонях.

    Часцей за ўсё за навінавую стужку адказваюць журналісты-ўніверсалы, якім можа быць усё роўна, што ў сусветнага вядомага мінскага гурта “Маўчаць дамы” выйшаў новы альбом. Галоўнае скласці карціну дня, дзе будуць адлюстраваны пытанні бяспекі і рэсурсаў.

    Культурныя падзеі не заўсёды трапляюць у фокус увагі, на жаль. Плюс адбіваецца стомленасць і перапрацоўкі. Каб такога не адбывалася, па кожнай сферы павінен працаваць адпаведны спецыяліст, але ў нашыя часы — гэта недапушчальная раскоша.

    Яшчэ адна праблема — экстрэмісцкі статус выданняў. Праз яго немагчыма напісаць пра людзей і іх праекты з Беларусі. Калі толькі не ананімна.

    Шмат хто адмаўляецца ад размоў ці загадзя просіць нічога пра іх не публікаваць. Быў выпадак аднаго праекта, які атрымаў перамогу на ўплывовай падзее. Пра гэта ніхто не напісаў, бо была такая дамоўленасць з аўтарам.

    Хаваць беларускую кінажурналістыку ці яшчэ пачакаць? Адказвае Тарас Тарналіцкі

    Таксама ад размоў адмаўляюцца людзі, якія жывуць у эміграцыі, але ездзяць у Беларусь ці маюць там родных. Згаданы у выпуску “Мне таксама не падабаецца” драматург Мікіта Ільінчык — як раз такі выпадак. Таму варта дзесяць разоў падумаць, перад тым каб вініць журналістаў, што яны з нейкім выбітным дзеячом не паразмаўлялі. Сапраўдныя акалічнасці справы вас могуць непрыемна здзівіць.

    Праз адсутнасць фінансавання таксама зачыняюцца нішавыя праекты (часопісы, блогі), якія могуць асвятляць невялічкія падзеі і праекты, якія не маюць шанцаў прабіцца ў больш вялікія традыцыйныя СМІ. І з гэтым зараз таксама амаль нічога немагчыма зрабіць.

    І гэта ўсё толькі відавочныя заўвагі, якія не дазваляюць выбудаваць ідэальнай культурную журналістыку ў медыяполі. Пра праблемы можа яшчэ доўга пісаць, вось толькі каму гэта ўсё цікава. У такой няпростай сітуацыі я магу параіць толькі адно — калі вы хочаце, каб пра вас напісалі, звяртайцеся непасрэдна ў рэдакцыі.

    Пішыце не толькі на пошту, сацсеткі, а шукайце выхад на канкрэтных аўтараў, якіх вы ведаеце. І якія могуць вам адказаць, змогуць яны нешта пра вас напісаць ці не. Толькі настойлівасць, энтузіязм і ўзаемапавага сёння здатныя працягваць нашу і вашую працу ў чаканні больш прыдатных для жыцця часоў. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці