Кітайскі чат-бот DeepSeek стаў канкурэнтам ChatGPT, але для медыяў ён можа быць небяспечным
Стартап DeepSeek з Кітая выпусціў мадэль штучнага інтэлекту, якую ўжо назвалі «забойцай ChatGPT». Яна можа перасягнуць па параметрах амерыканскія аналагі, пры гэтым з’яўляецца таннейшай за іх.
З’яўленне кітайскага чат-бота ужо выклікала глабальны абвал на IT-рынку. Больш за ўсіх пацярпела яшчэ нядаўна самая дарагая кампанія ў свеце Nvidia, піша Reuters.
Так, усяго за адзін дзень кошт акцый Nvidia на амерыканскай тэхналагічнай біржы NASDAQ упаў больш чым на 17%. У выніку кампанія перастала быць самай дарагой у свеце, прапусціўшы наперад Apple і Microsoft.
Напярэдадні абвалу акцый Nvidia новы кітайскі чат-бот DeepSeek абагнаў Chat GPT па загрузках у AppStore. Гэта адбылося пасля таго, як DeepSeek прадставіў абноўленую мадэль ШІ. Па словах стваральнікаў, яна пераўзыходзіць ChatGPT па ўсіх асноўных параметрах.
Спецыялісты адзначаюць, што DeepSeek, у адрозненні ад ChatGPT, дае абгрунтаванне сваіх адказаў на запыты карыстальніка. Акрамя таго, кітайскі чат-бот мае просты інтэрфейс і зручныя мабільныя прыкладанні. Пры гэтым паведамляецца, што выдаткі на яго распрацоўку аказаліся значна ніжэйшымі, чым на стварэнне ChatGPT.
Аднак у новага чат-бота ёсць і мінусы. На іх звяртае ўвагу аўтар тэлеграм-канала пра ШІ ў медыях Easy AI Дзмітрый Смірноў, які ўжо пратэставаў DeepSeek.
Напрыклад, у апошні тыдзень кітайскі чат-бот пачаў падтарможваць — верагодна, з‑за вялікага наплыву карыстальнікаў. Пакуль што ў ім няма магчымасці генераваць карцінкі. Рэжым «пошуку ў інтэрнэце» часам падвісае, а без яго веды мадэлі абмежаваныя канцом 2023 года. Здараюцца і галюцынацыі.
Чат-бот, як звяртае ўвагу Дзмітрый Смірноў, збірае інфармацыю, якую загружаюць карыстальнікі, і захоўвае яе «на надзейных кітайскіх серверах». Аднак галоўная небяспека, паводле спецыяліста, складаецца ў тым, што кітайская мадэль ШІ цэнзуруе адказы. Напрыклад тыя, што тычацца кітайскай гісторыі і палітыкі.
«Як я зразумеў са свайго досведу, цэнзуры амаль няма, калі задаеш пытанні на рускай мове, але шмат, калі на англійскай. Але тым не менш яна тут ёсць і незразумела, што зацэнзуравана яшчэ апроч «кітайскіх пытанняў», — піша Дзмітрый Смірноў.
Цэнзура — гэта вельмі дрэнны паказчык, таму такі чат-бот не можа быць працоўным інструментам для рэдакцый СМІ, робіць вывад спецыяліст.