• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чатыры адміністрацыйныя пратаколы супраць журналіста-фрылансера “заважылі” на 980 рублёў

    Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 6 чэрвеня аштрафаваў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага паводле чатырох адміністрацыйных пратаколаў на 40 базавых велічыняў — адпаведна 980 рублёў.

    Кастусь Жукоўскі

    Суддзя Віктар Казачок, які разглядаў пратаколы, складзеныя на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, прызнаў Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі  для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Два пратаколы паступілі ў суд з Лоеўскага райаддзела міліцыі, па аднаму — з  Кармянскага і Цэнтральнага горада Гомеля.

    Віны сваёй Жукоўскі не прызнаў. Патлумачыў, што  ён — журналіст-фрылансер і не з’яўляецца штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, не  мае з ім працоўных дамоваў, адпаведна і акрэдытацыі ў беларускім МЗС яму не патрабуецца. Да таго ж фрылансер не мае мажлівасці вырабіць нейкі відэасюжэт, а тым больш распаўсюдзіць яго, не маючы адпаведнага абсталявання і эфірных частотаў. Гэта робіць рэдакцыя тэлеканала, яна і распаўсюджвае.

    Канстытуцыя Беларусі, тым часам, гарантуе любому грамадзяніну права на збор і распаўсюд інфармацыі.

    «Паверце, — тлумачыў Жукоўскі, я нават не дасылаю на “Белсат” відэа.  Я афіцыйна працую з агенцтвам “Ньюс інфармацыя”, ім дасылаю відэа. Атрымліваю заробак, плачу з яго падаткі. Усё празрыста. Змяшчаю таксама відэа на сваёй старонцы ў YouTube ў адкрытым доступе”.

    “Дык ёсць вашы здымкі ў сюжэтах “Белсата” ці няма?” — пытаўся суддзя.

    “Ёсць кавалачкі, я не адмаўляю, але рабіць сюжэты я не маю магчымасці — у іх свае аўтары. Гэта, як выпечка хлеба. Збожжа маё, а хлеб (ён можа быць нават з “навічком”) — гэта ж ужо не мая прадукцыя”, — адказваў  Жукоўскі.

    Не разумеў фрылансер, на якой падставе ў міліцэйскіх пратаколах указваецца, што ён парушыў пункт 6 артыкула 1 Закона аб СМІ, у якім даецца вызначэнне, хто такі “журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі”.

    Па вялікаму рахунку, суд пакараў фрылансера Жукоўскага за тое, што часткі ягоных відэаздымкаў уключаныя ў сюжэты, вырабленыя супрацоўнікамі “Белсата”. У Лоеўскім раёне адзін з сюжэтаў датычны падзяжу свіней ў прыватнай гаспадарцы прадпрымальніка. У другім распавядалася пра вылучэнца лоеўскай міліцыі Генадзя Маджару, які стаў начальнікам Акцябрскага РАУС і “вызначыўся” ў мінскай кавярні п’яным дэбошам.

    На Кармяншчыне Жукоўскі з напарнікам здымаў на відэа згноены яшчэ з восені мінулагодні лён — яго склалі ў скірды, прыцерушылі саломай і пакінулі дагніваць на полі.

    У Гомелі Жукоўскі праводзіў, як сказана ў адміністрацыйным пратаколе, “інтэрв’юраванне” гараджан з нагоды 18-гадовага прысуду мазырчуку Андрэю Рабешку, які падчас начнога затрымання ў двары свайго дома парэзаў трох міліцыянтаў.

    Падтрымаць Кастуся Жукоўскага ў судзе прыйшлі паўтара дзясятка гамельчукоў, а таксама старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец і ягоная намесніца Аліна Суравец, адказная за рэгіянальныя структуры арганізацыі.

    Абмен думкамі пасля суду. Злева направа — Андрэй Бастунец, Аліна Суравец, Кастусь Жукоўскі, Андрэй Толчын

    “Даволі дзіўна, што ў міліцэйскіх пратаколах правапарушэнне вызначаецца артыкулам, які датычны тэрміналагічных паняццяў Закона аб СМІ. Прыкладам, той жа пункт 6 артыкула 1.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў прапанавала парламенту шэраг зменаў у існуючае заканадаўства, якім рэгулюецца дзейнасць СМІ. У ім  павінна быць легалізавана праца журналістаў-фрылансераў. Яны ёсць у рэальным жыцці. Даваць ім толькі штрафы і не заўважаць у грамадстве ніяк не выпадае”, — кажа  Андрэй Бастунец.

    Накладзены ў Цэнтральным судзе Гомеля штраф на Жукоўскага — сёлета сёмы па ліку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці