• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чэхія абмяркоўвае, як захаваць «Радыё Свабода»

    Кіраўнік МЗС Чэхіі на сустрэчы з еўрапейскімі калегамі 17 сакавіка ўзніме пытанне аб працягу працы «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», якое адміністрацыя Дональда Трампа пазбавіла фінансавання.

    Чэхія абмяркоўвае, як захаваць «Радыё Свабода»

    Міністр замежных спраў Ян Ліпаўскі. Фота: DW

    Урад Чэхіі хоча абмеркаваць у Еўрапейскім Саюзе будучыню медыякарпарацыі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL), якая базуецца ў Празе і пазбавілася фінансавання з ЗША, паведамляе DW.

    «Працяг такога вяшчання адпавядае інтарэсам Еўропы», — заявіў міністр замежных спраў Ян Ліпаўскі ў эфіры Чэшскага тэлебачання ў нядзелю, 16 сакавіка.

    Паводле яго слоў, ён узніме пытанне аб працягу работы RFE/RL на сустрэчы з калегамі з іншых краін ЕС 17 сакавіка. Неабходна палітычна задумацца над тым, што «Радыё Свабода» азначае для Чэхіі і для Еўропы, зазначыў Ліпоўскі.

    «У нашых інтарэсах, каб таталітарызм не квітнеў па суседстве з намі», — дадаў ён.

    Напярэдадні Radio Prague Inter­na­tion­al паведамляла, што МЗС Чэхіі абмяркоўвае магчымасці для аказання пасільнай дапамогі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода».

    Абмяркоўваюцца тры варыянты магчымай падтрымкі. Адзін з іх — частковае фінансаванне вяшчання, што мала верагодна, улічваючы чэшскія бюджэтныя магчымасці (штогадовы бюджэт «Свабоды» складае 142 млн даляраў).

    Больш рэальны варыянт — стварэнне сумеснай ініцыятывы еўрапейскіх дзяржаў-аднадумцаў і Канады, якая б узяла на сябе забеспячэнне фінансавання «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», калі ЗША ад радыёстанцыі ўсё ж адмовяцца.

    Трэцім варыянтам можа стаць дапамога Чэхіі ў пошуку для Радыё Свабода прыватных донараў – менавіта гэты спосаб захавання радыёстанцыі лічыць найбольш рэальным яе цяперашняе кіраўніцтва.

    Калі і гэта не атрымаецца, то МЗС Чэхіі магло б забяспечыць бяспечнае знаходжанне ў Еўропе для часткі працаўнікоў «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», паколькі супрацоўнікі з аўтарытарных краін не могуць проста так вярнуцца на сваю радзіму.

    Трамп падпісаў указ аб скарачэннях, якія закрануць і Радыё Свабода. Прэзідэнт Радыё: «Аўтакраты ў Маскве і Мінску будуць святкаваць»

    «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», якая выходзіць у эфір амаль на трох дзясятках моў, з чэшскага пункту гледжання – сімвал уласнай барацьбы Чэхіі за дэмакратыю і незалежнасць, падкрэслівае Radio Prague Inter­na­tion­al. Ужо трыццаць гадоў штаб-кватэра «Радыё Свабода» размямяшцаецца ў Празе.

    МЗС Чэхіі аказвае візавую падтрымку супрацоўнікам пражскай штаб-кватэры і выплачвае стыпендыі маладым журналістам. Ведамства лічіць садзейнічанне працы незалежных СМІ адным з прыярытэтаў сваёй знешней палітыкі.

    «Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі» — пад пагрозай закрыцця з‑за ўказу Трампа

    14 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся правесці скарачэнні ў сямі федэральных агенцтвах. Сярод іх — Агенцтва ЗША па глабальных медыях (USAGM), якое курыруе амерыканскія сеткі іншамоўлення, у тым ліку «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL) і «Голас Амерыкі». Кары Лэйк, прызначаная спецыяльным дарадцам па USAGM, заявіла, што агенцтва «не падлягае выратаванню».

    USAGM апавясціла медыякарпарацыю «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода»  аб спыненні дзеяння федэральнага гранта, якое фінансавала яе працу. Пра гэта паведамляецца на сайце RFE/RL.

    Прэзідэнт RFE/RL Стывен Капус заявіў, што «адмена грантавага пагаднення стане вялікім падарункам ворагам Амерыкі». У лісце супрацоўнікам кіраўніцтва RFE/RL паведаміла аб намеры абскардзіць адмену гранта, які быў ухвалены Кангрэсам ЗША.

    «Радыё Свабода» пачало вяшчанне ў 1950 годзе з Заходняй Нямеччыны, а «Голас Амерыкі» з’явіўся яшчэ раней, ў 1942 годзе, як адказ на нацысцкую прапаганду. З таго часу абедзве станцыі заставаліся аднымі з нямногіх надзейных крыніц інфармацыі для краін з аўтарытарнымі рэжымамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці