• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Белсат» у зоне турбулентнасці: чым абернуцца абяцаныя «новыя магчымасці»?

    Аб’яўлена пра рэформу «TVP World», пад якую патрапіць і «Белсат». Эксперты гавораць, што перамены прывядуць да страты значнай часткі аўтаномнасці і скарачэнняў на тэлеканале. Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі ўстрымаўся ад каментароў.

    Рэакцыі: абяцаныя магчымасці абернуцца вялікімі праблемамі

    Былы супрацоўнік тэлеканала Зміцер Ягораў наконт планаў польскага МЗС выказаўся так: «Новыя ўлады Польскага Тэлебачання, разам з урадам Польшчы (МЗС у прыватнасці) у межах «рэформы замежных рэдакцыяў» ліквідуюць… не, не Белсат, а ягоную аўтаномію – у вельмі вялікай ступені».

    «Белсат дагэтуль існаваў як досыць аўтаномная адзінка ў межах Публічнага тэлебачання. Ніхто «зверху» не ўказваў, як вяшчаць, пра што і калі, у якіх аб’ёмах. Цяпер Белсат плануюць уключыць у «Цэнтр вяшчання для замежжа» (Ośrodek pro­gramów dla Zagrani­cy), які яшчэ не паўстаў», — лічыць журналіст.

    Пра новыя магчымасці новага «Белсата» журналіст выказаўся досыць рэзка:

    — Пад нож пойдуць некаторыя праграмы, частка навінаў, карэспандэнцкая сетка. Будзе менш уласнага кантэнту – зачахнуць паступова і будзе звольненая частка СММ-каманды. «Рэформа» прывядзе да таго, што не будзе патрэбы ў такой колькасці працаўнікоў.

    Погляд звонку: неабходна захаваць самастойнасць «Белсата»

    Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Інстаграм выказалася за самастойнасць «Белсата»:

    «Белсат» павінен жыць і працаваць. Асабліва цяпер, калі рэжым вядзе вайну супраць нашага народа і суседзяў. Гэта наша зброя ў барацьбе з прапагандай і незаменны канал камунікацыі паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто ў выгнанні. І аслабленне «Белсата» стала б падарункам толькі Пуціну і Лукашэнку…

    Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што «стратэгічна важным з’яўляецца захаваць самастойнасць тэлеканала :

    — «Белсат» адзіны незалежны тэлеканал Беларусі, адзінае тэлебачанне, якое вяшчае на нашай роднай беларускай мове. У час, калі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе Расіі вядзе гібрыдную інфармацыйную вайну супраць беларускага грамадства, для нас стратэгічна важна з’яўляецца захаваць самастойнасць тэлеканала «Белсат». Тэлеканала, які дапамагае фармаваць самасвядомасць беларускага народа, які прадстаўляе для беларусаў праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю.

    Але чаму зноў загаварылі пра «Белсат»?

    4 ліпеня кіраўнік «TVP World» Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

    «Ліквідацыі «Белсату» не будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсліць – «Белсат» не знікае, ён атрымлівае новыя магчымасці», – пераконвае кіраўнік «TVP World». — Гледачы ўбачаць змены 1 сакавіка 2025 года. Тады ж будзе прадстаўлена і новая назва. Гэта супадзе з прэзентацыяй новых рамак. У назве не будзе TVP, але будзе прысутнічаць слова «Польшча». Пошук новай назвы ўжо вядзецца».

    «Белсат» новы ньюсрум

    Новы стары ньюсрум «Белсата». Фота: са старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Face­book

    Якое месца зойме «Белсат» у новай структуры TVP?

    Плануецца стварыць Цэнтр праграм замежнага вяшчання, які аб’яднае пад адным дахам ўсё вяшчанне на замежных мовах: «TVP World», «Белсат» і ўсе яго філіялы; «TVP Polo­nia» і «TVP Vil­nius» застануцца незалежнымі. Кіраваць цэнтрам будзе «TVP World». 

    «Белсат» ператворыцца ў адно з падраздзяленняў новай структуры. Нароўні з «Белсатам» і расійскім «ВОТ ТАК» з’явіцца ўкраінская рэдакцыя, якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кожная рэдакцыя атрымае па 6 гадзінаў вяшчання ў суткі.

    Пры гэтым кожная тэлестанцыя будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію.

    Аддзел публічнай і культурнай дыпламатыі МЗС Польшчы з сярэдзіны жніўня стане асобным дэпартаментам, які будзе «вельмі цесна супрацоўнічаць з TVP» і «рэагаваць на гібрыдныя пагрозы, адказваць на дэзынфармацыйныя атакі», — цытуе «Белсат» начальніка аддзела Катажыну Таран.

    Калі пачаліся праблемы

    У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая кіравала тэлеканалам 18 гадоў.

    Выканаўцам абавязкаў дырэктара тэлеканала прызначаны Аляксей Дзікавіцкі. Адразу пасля прызначэння новы кіраўнік распавёў пра планы тэлеканала.

    Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі 13 сакавіка абверг інфармацыю пра скарачэнне фінансавання «Белсата».

    Між тым, 27 траўня з‑за фінансавай нявызначанасці «Белсат» пераехаў у іншае месца — вярнуўся туды, адкуль пачынаўся. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці