• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стартуе прыём заявак на кінапрэмію «Чырвоны верас». У гэтым годзе з’явіліся новыя намінацыі

    Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» распачынае трэці сезон. Гэтым разам кінапрэмія разглядае беларускія фільмы 2023 і 2024 гадоў. 

    Кінапрэмія «Чырвоны верас»

    Кінапрэмія «Чырвоны верас»

    Падаць заяўкі могуць праваўладальнікі з 13 кастрычніка да 9 лістапада 2025 года на сайце «Чырвонага верасу».

    Кінапрэмія па-ранейшаму разглядае беларускія ігравыя і дакументальныя, поўнаметражныя і кароткаметражныя фільмы, якія ствараліся без удзелу дзяржаўных бюджэтаў Беларусі альбо Расіі.

    Пад беларускім кіно разумеюцца стужкі, знятыя беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.

    У новым сезоне «Чырвонага верасу» павялічылася колькасць намінацыяў: цяпер заяўнікі таксама змогуць прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі «Найлепшы мантаж». Да таго ж улічваючы кантэкст, у якім беларускія рэжысёры часта перанакіроўваюць свае высілкі ў медыясектар, а таксама вялікую колькасць заявак у адпаведных фарматах мінулым разам, было вырашана стварыць асобную намінацыю «Найлепшы дакументальны рэпартаж» для дакументальных тэле- і YouTube-работ. Гэтая катэгорыя будзе ацэньвацца сябрамі журы па жаданні.

    У Берліне ў межах кінапрэміі «Чырвоны верас» уганаравалі фільм Мары Тамковіч «У жывым эфіры»

    «Мы пішам гісторыю беларускага кіно, якое ў неспрыяльных умовах, але працягвае рэфлексаваць з гледачамі пра супольную рэчаіснасць і расказваць свету пра сапраўдную Беларусь, – кажуць заснавальнікі «Чырвонага верасу». — Нам важна, каб кінааўтары ўсведамлялі, наколькі грандыёзную працу яны робяць: тое, што яны захоўваюць Беларусь і беларусаў у кінамастацтве, пакуль нацыянальная ідэнтычнасць зазнае спробы брутальнага ўплыву, складана пераацаніць. У патоку дрэнных навінаў і складанасцяў хай «Чырвоны верас» будзе адной з пазітыўных цаглінак, якія пераконваюць фільммэйкераў у вартасці іхнай працы».

    Удзел у «Чырвоным верасе» можа быць ананімны. Пераможцаў трэцяй эдыцыі кінапрэміі абвесцяць у лютым 2026 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці