• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці адпавядаў Форум па кіраванні інтэрнэту прынцыпам адкрытасці і празрыстасці?

    17 мая ў Мінску прайшоў першы Беларускі форум па кіраванні інтэрнэтам (BIGF). Напярэдадні падзеі прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацый і эксперты ў галіне медыя накіравалі адкрыты ліст арганізатарам.

    На думку аўтараў дакумента, тыя істотна парушылі прынцыпы адкрытасці і галоснасці пры падрыхтоўцы мерапрыемства – не запрасілі да дыскусіі шэраг ключавых бакоў, што ставіць пад пытанне ўсе вынікі абмеркавання.

    Аўтары звароту звяртаюць увагу на тое, што пры арганізацыі круглых сталоў BIGF быў парушаны прынцып удзелу ўсіх зацікаўленых бакоў. Напрыклад, сярод дакладчыкаў круглага стала «Дзяржава і інтэрнэт» прысутнічаюць толькі прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый; сярод дакладчыкаў круглага стала «Бізнес і інтэрнэт» адсутнічаюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці; сярод дакладчыкаў круглага стала «Грамадства і інтэрнэт» слаба прадстаўленыя камерцыйныя арганізацыі і адсутнічаюць дзяржаўныя органы і арганізацыі. На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, гэта робіць немагчымым паўнавартаснае абмеркаванне пытанняў усімі зацікаўленымі бакамі.

    “Адным з асноўных пытанняў кіравання сеткай Інтэрнэт* з’яўляецца захаванне правоў чалавека анлайн. Агульнапрыняты падыход прадугледжвае, што ўсе правы, якімі чалавек валодае афлайн, павінныя таксама абараняцца анлайн. Дзяржава і іншыя актары, якія бяруць удзел у кіраванні сеткай Інтэрнэт, павінны суадносіць свае дзеянні з неабходнасцю заахвочвання, у першую чаргу, свабоды выказвання, права на прыватнасць і свабоды асацыяцый. Важнасць гэтай тэмы павінна быць адэкватна адлюстраваная ў парадку дня нацыянальных ініцыятыў па кіраванні сеткай Інтэрнэт. Нягледзячы на ​​ актуальнасць гэтага пытання для Беларусі, улічваючы сітуацыю і апошнія ініцыятывы дзяржавы па рэгуляванні беларускага сегмента сеткі, мы з глыбокім шкадаваннем адзначаем адсутнасць тэмы правоў чалавека ў праграме першага BIGF”, – адзначаюць аўтары.

    Дакумент падпісалі старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў, дырэктар “Цэнтра прававой трансфармацыі” Lawtrend Вольга Смалянка, эксперт Лабараторыі лічбавых свабод Праваабарончай ініцыятывы «Human Con­stan­ta» Аляксей Казлюк, прадстаўнік Цэнтра даследавання сеткі Інтэрнэт Канстанцін Ткачоў, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, старшыня праўлення НУА “Партнёры лічбавай праваабароны” Андрэй Пазюк і іншыя.

    Зварот быў накіраваны арганізатарам форуму. Апошнія адказалі, што прынялі да ўвагі агучаныя заўвагі і ўлічаць іх пры падрыхтоўцы наступных форумаў.

    “Дзякуем за вашу пазіцыю ў сувязі з правядзеннем першага форуму па кіраванні інтэрнэтам у Мінску. Арганізацыйны камітэт форуму прыняў да ўвагі вашы заўвагі і ўлічыць іх пры падрыхтоўцы наступных форумаў. Улічваючы важнасць мерапрыемства, хочам адзначыць, што арганізацыйны камітэт цалкам адпавядае патрабаванню Форумаў па кіраванні інтэрнэтам і ў цяперашні момант ўключае прадстаўнікоў трох зацікаўленых бакоў:

    - дзяржавы (Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь),

    - бізнесу (ТАА «Надзейныя праграмы»),

    - і грамадзянскай супольнасці (Асацыяцыя «Белінфаком» — грамадская арганізацыя, якая не пераследуе камерцыйных мэтаў).

    Праграма форуму сфармаваная такім чынам, каб даць усім ахвочым (прадстаўнікам дзяржавы, бізнесу, грамадства, тэхнічнага і акадэмічных супольнасцяў) магчымасць удзелу ў цікавых для іх дыскусіях. Нават у назвах круглых сталоў няма дакладна вызначанай тэмы, каб удзельнікам форуму было лягчэй выбраць дыскусію ў адпаведнасці з родам іх заняткаў і інтарэсаў. Усе ўдзельнікі форуму могуць далучыцца да любой дыскусіі і прапанаваць свае пытанні для абмеркавання”, — гаворыцца ў адказе арганізатараў.

    * «Кіраванне інтэрнэтам ўяўляе з сябе распрацоўку і прымяненне ўрадамі, прыватным сектарам і грамадзянскай супольнасцю пры выкананні імі сваёй адпаведнай ролі, агульных прынцыпаў, нормаў, правілаў, працэдур прыняцця рашэнняў і праграм, якія рэгулююць эвалюцыю і прымяненне інтэрнэту», — працоўнае вызначэнне паняцця “кіраванне Інтэрнэтам”, сфармуляванае Працоўнай групай ААН па пытаннях кіравання Інтэрнэтам.

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці