Былая журналістка Ціна Палынская і яе дачка знаходзяцца пад вартай
Журналістка з Полацку Ціна Палынская і яе 22-гадовая дачка знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе, паведамляе «Хрысціянская візія».
Як паведамлялася раней, з канца траўня не выходзіла на сувязь журналістка з Полацку Ціна Палынская. Тады меркавалася, што яе маглі затрымаць.
Цяпер, як стала вядома, Ціна Палынская і яе старэйшая дачка, 22-гадовая Маргарыта, знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе. Жанчыны ўтрымліваюцца ў СІЗА‑2 у Віцебску. У Ціны таксама ёсць малодшая непаўналетняя дачка — ёй 14 гадоў.
Падрабязнасці абвінавачання афіцыйна не раскрываюцца. Арганізацыя «Хрысціянская візія» выказвае меркаванне, што, «па ўскосных прыкметах», справа можа быць звязана з рашэннем КДБ прызнаць «Беларускую аналітычную майстэрню» прафесара Андрэя Вардамацкага экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян. Вядома пра ператрусы і адабранне тэхнікі ў людзей, якіх апытвалі ў рамках сацыялагічных даследаванняў майстэрні.
«Хрысціянская візія» падкрэслівае, што на дадзены момант няма ніякіх пацверджанняў, што Ціна ці яе дачка сапраўды ўдзельнічалі ў даследаваннях БАМ. Але нават калі б такі ўдзел меў месца, ён не парушаў бы закон: на момант магчымага кантакту з майстэрняй яна яшчэ не была прызнана экстрэмісцкім фармаваннем.
