Алег Агееў: Самае страшнае, калі ў журналіста ўзнікае неабходнасць самацэнзуры
Міжрэгіянальны семінар “Асновы прававога рэгулявання дзейнасці журналістаў” прайшоў у Лунінцы.
Да сябраў Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” далучыліся калегі з Пінска і Століна. Пад кіраўніцтвам Алега Агеева ў тандэме з юрыстам з Брэста Ірынай Кармазінай журналісты абмеркавалі надзённыя праблемы, звязаныя са свабодай слова і правам на інфармацыю.
Падчас практычных заняткаў удзельнікі семінара разабралі прыклады працы журналістаў вядомых СМІ Беларусі і краін Еўропы.
— Патрэбы бяспекі звязаныя з нашымі грамадзянскімі правамі і, у першую чаргу, правам журналіста на інфармацыю, — гаворыць старшыня Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Алена Насковіч. Яна выказвае ўдзячнасць трэнеру, які не першы раз праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы для журналістаў рэгіёна.
— Самае страшнае, калі ў журналіста ўзнікае неабходнасць самацэнзуры, калі ён перастае быць вартавым дэмакратыі, — падкрэсліў Алег Агееў і пажадаў удзельнікам семінару не замоўчваць недахопы прававой сістэмы, а выносіць іх нават на міжнародны ўзровень.
